Водгук як асабістая канцэпцыя ўспрымання мастацтва слова


Водгук як асабістая канцэпцыя ўспрымання мастацтва слова
Прапаную ўласную творчую працу на верш беларускай паэткі Д. Бічэль, у якой я паспрабавала ўлічыць асноўныя патрабаванні да напісання водгуку і пры гэтым пазбегнуць магчымых недахопаў.
Людзі без смерці
Начало формы
Конец формы
Васілю Быкаву
Гэта – зноў вяртаюцца ў строй
думкі, гнеў і гонар сяброў,
скошаных куляй насмерць...
Абарваны іх шчыры смех.
Як цяпер, стаяць у вачахпрад аглухлым скрываўленым раннем
з неадступным на вуснах пытаннем:
а ці маеш ты права маўчаць?
Гаварыць –
не дужых пацешыць.
Зубы сцяць!
Як сябры маладыя хацеліне халодных пліт ад жыцця!
Што ім помнікі на вякі!
На струхлелых касцях вянкіне ажывяць магільных сноў.
Дакрануцца б да цёплай рукі.
На дасвецці збіраць васількіпа дрыготкай буйной збажыне.
Аж да столі гушкаць сыноў,
за якіх паляглі на вайне.
Гаварыць.
Лішніх слёз не ліць.
Памяць не любіць слёз.
Заклінаць,
каб нашчадкаў зямліабмінуў непапраўны лёс.
Зноў вяртацца да сэрцаў мужных,
што пакрочылі строем у вечнасць:
ці прымалі яны двурушных?
Ці даруюць нам бессардэчнасць?
...He сагрэць магілу сырую.
Мёртвы воін не мае сэрца.
Мёртвы воін табе не даруездраду праўдзе і после смерці.
Маеш права на спогадзь, на жаль,
на ваганне, змаганне з сабой...
Кінуць лёс на лязо нажа...
Справядлівы адвечны бой.
Водгук на верш Дануты Бічэль “Людзі без смерці”
Магiлы без крыжоў, акопы,Ланцуг траншэй уздоўж лясоў,Не ўсе, прайшоўшы паў-Еўропы,Вярнулiсь цэлымi дамоў.
А. Балуценка
Ёсць такія тэмы (у літаратуры, у жывапісе, у мастацтве), якія ніколі не стануць нецікавымі, якім назаўжды наканавана абуджаць чалавечую думку, ускалынаць людскую свядомасць, прымушаць усіх і кожнага жыць і памятаць… Памятаць аб тым, што было лёсавызначальным для мільёнаў людзей, што мяняла рух гісторыі і ўзвышала ролю і адказнасць кожнага перад сабой і сумленнем, што ніколі не забудзецца, застаўшыся крывавай ранай на сэрцы…
Вялікая Айчынная вайна… Бы прызыўны набат, гучаць гэтыя тры словы рэхам ваеннага ліхалецця. Дзіўная рэч: аўтару верша, вядомай беларускай паэтэсе Дануце Бічэль, удалося ў адным творы перакрыжаваць ідэю абвостранай чалавечай справядлівасці ў адносінах да гістарычнай памяці і неадступнасць ад праўды, чалавекалюбства ў нашы дні.
Першае ўражанне ад верша – цяжар, роздум, нават боль. Ён найпаўней перададзены, здаецца, у радках:
...He сагрэць магілу сырую.
Мёртвы воін не мае сэрца.
Мёртвы воін табе не даруе
здраду праўдзе і после смерці.
Адразу пачынаеш разумець, што за табою, за намі ценямі ўзвышаюцца тыя, хто мог бы:
На дасвецці збіраць васількі
па дрыготкай буйной збажыне.
Аж да столі гушкаць сыноў,
за якіх паляглі на вайне.
На памяць прыходзяць такія пераклічныя з вершам Д. Бічэль радкі з верша С. Законнікава “Не, наша памяць не сляпая…”:
Не, наша памяць не сляпая...
Я добра бачу, што з бакоў
Мяне, як сосны, абступаюць
Калоны стромыя вякоў.
Жыве і будзе жыць Айчына,
Святую не забудзе кроў,
Глядзіць у новы дзень вачыма
Сваіх нязломных змагароў.
I кожны выспеліць жаданне,
Адрынуўшы спакой і страх,
Прайсці сумленна і аддана
Наканаваны лёсам шлях. Чалавечая ўдзячная памяць і, як плата, сумленнае жыццё, без боязі, азірання вакол, нібы кінутае “на лязо нажа” – гэта, якраз-такі, жыццё такое, якое пражыў В.У. Быкаў. З гэтай прычыны, бясспрэчна, Данута Бічэль і прысвяціла верш майму земляку, сусветна вядомаму пісьменніку, 90-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначалі ў 2014 годзе.
Абвостранае пачуццё чалавечнасці патрабуе ў творы:
Зноў вяртацца да сэрцаў мужных,
што пакрочылі строем у вечнасць:
ці прымалі яны двурушных?
Ці даруюць нам бессардэчнасць?
Сам верш вельмі дынамічны. Наяўнасць пытальных сказаў дазваляе паэтэсе прымушаць нас думаць, шукаць адказы, перажываць мінулае ў чарговы раз, бы перад судом гісторыі, адказваць перад тым, што наноў вяртаецца “ў строй”:
…думкі, гнеў і гонар сяброў,
скошаных куляй насмерць...
Абарваны іх шчыры смех.
Як цяпер, стаяць у вачах
прад аглухлым скрываўленым раннем
з неадступным на вуснах пытаннем:
а ці маеш ты права маўчаць?
Бясконцая нізка аўтарскіх пытанняў бы спецыяльна вярэдзіць памяць чытача, не дазваляе заскарузнуць сэрцу. Публіцыстычна-суровае гучанне твора, яго строгі рытмічны лад сведчаць пра творчы пошук паэтэсы ў адлюстраванні драматызму жыцця. На гэта працуе і кампазіцыя твора – своеасаблівае перапляценне былога, сучаснага і будучыні.
Праблема, узнятая ў творы, шматаспектная: тое жыццё, якое не пражылі Салдаты Вялікай Перамогі, будзе, магчыма, пражыта намі як “справядлівы адвечны бой”. Але гэта адбудзецца толькі тады, як сцвярджае пісьменніца, калі маўклівасць наша, наша раўнадушша, наша бессардэчнасць не стануць усім нашым сутнасным зместам, напаўненнем.
Шматфарбнасць вобразам верша надаюць удала падабраныя мастацкія сродкі. Так, эпітэт, выражаны дзеепрыметнікам “скошаных”, у спалучэнні з назоўнікам “сяброў” перадае трагізм і маштабнасць смярцей (вайна касіла, бы касой); “прад аглухлым скрываўленым раннем” – перадае да драбніц натуральнасць цяжкага ваеннага штодзённага жыцця. Алагічна гучыць спалучэнне слоў “магільных сноў”. Мы разумеем, што гэты сон беззваротны, вечны, нямы і маўклівы.
У працяг гэтай тэме гучаць метафары (“вянкі не ажывяць магільных сноў”, “да сэрцаў мужных, што пакрочылі строем у вечнасць”, “зноў вяртаюцца ў строй думкі, гнеў і гонар сяброў”).
Верш належыць да грамадзянска-патрыятычнай лірыкі. Найбольш яскрава пра гэта сведчаць заклікі (“Зубы сцяць!”, “Гаварыць. Лішніх слёз не ліць”), празмерная эмацыянальнасць, выражаная праз ужыванне клічных сказаў (“Як сябры маладыя хацелі не халодных пліт ад жыцця! Што ім помнікі на вякі!”). Некаторыя сінтаксічныя канструкцыі набываюць у тэксце афарыстычнае гучанне (“Памяць не любіць слёз”, “Мёртвы воін не мае сэрца”).
Менавіта яны – своеасаблівы зачын філасофскім развагам, якімі пранізаны ўвесь твор: “а ці маеш ты права маўчаць?” ці права маеш “на спогадзь, на жаль, на ваганне, змаганне з сабой”.
У вершы вельмі выразна выяўляецца аўтарская пазіцыя. Д. Бічэль, чалавек, які пражыў даволі багатае жыццё, мае права на свой пункт погляду. Яна вельмі часта з чытачом прамая, а часам, і рэзкая ў выразах і падборы слоў. Яе выбар – не апраўданне тых, хто прывык і разлічвае “на спогадзь, на жаль, на ваганне”. Трэба жыць сумленна – такі “справядлівы адвечны бой”, бо сам маштаб гэтага вымагае: “…каб нашчадкаў зямлі абмінуў непапраўны лёс”. Нашчадкі зямлі… Важна! Важка! Адказна!
Вартасць нашага жыцця, як зазначае аўтар, у адсутнасці “права маўчаць”. Я поўнасцю падзяляю гэту думку, прымаю чалавечае меркаванне аўтара верша як сваё жыццёвае крэда.
“Людзі без смерці” – гэта і пра Салдат Вялікай Перамогі, і пра Еўфрасінню Полацкую, і пра Кастуся Каліноўскага, і пра Янку Купалу, і пра Васіля Быкава, ды і пра ўсіх тых, хто не бясследна прайшоў па зямлі, а жыў на вастрыі нажа, служыў, гарэў, свяціў; пра тых, ад каго засталіся не гар і сажа, а цеплыня і святло…
Упэўнена, што гэты верш паўплывае на кожнага, каму надарыцца з ім пазнаёміцца, а некаму, магчыма, зменіць погляд на мінулае. Яго памятлівае ўшанаванне, як і наша сумленнае “цяпер” – аснова шчаслівай будучыні.