Урок беларускай літаратуры. Зямля мая — зялёны дом. ( “Экалагічная тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў”.)


ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ
“СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА №7 Г.БАРЫСАВА”
“Зямля мая – зялёны дом”
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Саколіна Марына Аляксандраўна
2015г.
Тэма ўрока: Зямля мая - зялёны дом.
( “Экалагічная тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў”.)
Мэта ўрока: мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні павінны абагульніць і паглыбіць свае веды па экалагічнай тэме па творах беларускіх пісьменнікаў.
Задачы ўрока:
стварыць ўмовы для абагульнення і паглыблення ведаў вучняў па экалагічнай тэме;
развіваць ўменне аналізу твораў, здольнасці вучняў да эстэтычнага ўспрымання твораў экалагічнай тэматыкі ;
развіваць вуснае маўленне, аналітычнае мысленне вучняў, іх творчае ўяўленне;
фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю школьнікаў у дачыненні аховы прыроды;
выхоўваць этыку зносінаў, культуру маўлення.
Месца ўрока ў вывучаемай тэме: 9
Тып урока: камбінаваныВучэбна - дыдактычнае забеспячэнне ўрока і сродкі навучання: падручнік «Беларуская літаратура» 6 клас, сшыткі, вучнёўскія малюнкі, фаназапіс мелодый аб прыродзе, дыдактычныя карты,праекты, заклікі вучняў у абарону прыроды.
Выкарыстаныя прыёмы, формы навучання: калектыўная, групавая, індывідуальная работа; чытанне, гутарка, творчы каментарый, рэпрадуктыўна - прадуктыўная работа з тэкстамі, ілюстрацыямі, самастойная творчая работа.
Слоўнік:
Глабальныя праблемы - праблемы, якія ахопліваюць увесь зямны шар, усеагульныя.
Гуманізм - чалавечнасць у грамадскай дзейнасці, у адносінах да людзей, да ўсяго жывога.
Нашчадкі - тыя, хто атрымлівае спадчыну, спадкуе пасля каго-небудзь.
Праект - папярэдні тэкст якога-небудзь дакумента.
Цывілізацыя - сусветная культура.
Ход урока.
Трэба нам і захады і меры,
Каб між светлых беларускіх рос
Зноў расцвіў чаравічок венерынІ званочак сіні ў лесе рос.
Пімен Панчанка.
Індукцыя.
(Гучыць фаназапіс мелодыі птушынага спеву)
Настаўнік пачынае ўрок радкамі з верша «Зямля мая...» Сяргея Грахоўскага:
Зямля мая,
ты для мяне—як дзівы,
Як першы дотык любае рукі,
Як у спякоту млосную ільдзінка,
Як на кашулі белай васількі.
Мне б толькі быць з табой—
ну, хоць бы верасам,
Расінкай,
што пад промнямі дрыжыць.
Ты пражывеш і без мяне,
я ведаю,
А мне ніколі без цябе не жыць.
(Пытанні вучням)
Якія думкі і пачуцці выкліае ў вас экалагічная тэма?
Чым важная ў наш час гэтая размова?
Паведамленне вучаніцы (індывідуальнае дамашняе заданне)
З гісторыі ўзнікнення Чырвонай кнігі.
Пачалося 21 стагоддзе, якое акрамя ўсяго іншага, прынесла з сабой 7 глабальных праблем* (яны запісаны на дошцы з левага боку; са словамі ці словазлучэннямі, пазначанымі зорачкай, праводзіцца слоўнікавая работа):
1. Тэхналагічную (забруджванне паветра, вады, глебы).
2. Дэмаграфічную (магчымасць Зямлі—вытрымаць 12 млрд. чал., цяпер пражывае ў 2 разы менш).
3. Экалагічную (спажывецкія адносіны да прыроды).
4.Інфармацыйную (паток інфармацыі перавышае магчымасці чалавека яе засвойваць).
5. Дынамічную (адставанне грамадскай свядомасці ад глабальных праблем; меркантыльнасць).
6. Светапоглядную (пераацэнка каштоўнасцей).
Маральную (паслядоўнае зніжэнне ўзроўню агульнай культуры чалавецтва).
Каб не страціць сваёй планеты, зямляне павінны неадкладна вырашыць гэтыя праблемы.
Мы ўжо сёння з вамі можам удзельнічаць у вырашэнні адной з іх—экалагічнай.
Зачытваецца эпіграф да ўрока.
Найбліжэйшая задача—выпрацаваць праект* праграмы абароны і захавання прыроды нашай планеты для нашчадкаў*. У вучняў ёсць жыццёвы вопыт і веды, якія яны набылі на ўроках літаратуры пры вывучэнні твораў на экалагічную тэму. Школьнікі павінны ўзгадаць творы «Сармацкае кадзіла» Пімена Панчанкі, «Стары бабёр» Алеся Жука і «Алені» Івана Пташнікава.

2) Самаканструкцыя.
Кожны з вучняў зрабіў выбар на папярэднім уроку, якая з прапанаваных праблем яму здаецца найбольш значнай, і спрабуе знайсці яе вырашэнне. (Школьнікі рассаджаны за сталы з шыльдамі, на якіх напісаны прапанаваныя тэмы.На сталах ляжаць дыдактычныя карты з заданнямі. Кожны вучань выбірае на дыдактычнай карце тое пытанне, на якое можа і хоча адказаць. Усе астатнія ўважліва слухаюць і дапаўняюць.)Дыдактычная карта
Дадатак 1.
Па старонках Чырвонай кнігіЗ верша «Сармацкае кадзіла» П. Панчанкі прыгадайце назвы раслін, унесеных у Чырвоную кнігу, паразважайце, адкуль і як маглі ўзнікнуць гэтыя назвы?
Што трывожыць аўтара верша? Пра што ён шкадуе?
Як можна выратаваць і захаваць прыродную спадчыну?
Дыдактычная карта
Дадатак 2.
Непаўторны свет прыродыУспомніце, як у апавяданні «Стары бабёр» аўтар абмаляваў характар клапатлівага гаспадара бабровага сямейства, яго трывогу, перажыванні і адказнасць за будучыню сям’і?
Хто вінаваты ў тым, што не стала ў жыцці баброў спакою?
Растлумачце радкі: «Стары бабёр хацеў вярнуцца назад, дзе было так вольна і шчасліва. А там, дзе вольна, здавалася, што і сіла будзе другая, і другое будзе здароўе, і там ён будзе жыць вечна».
У апавяданні аўтар шмат месца адводзіць апісанню прыроды. З якой мэтай ён гэта робіць?
Дыдактычная карта
Дадатак 3.
Узаемаадносіны чалавека і прыродыУспомніце апавяданне «Алені» Івана Пташнікава. Якая трагедыя здарылася з Рагатым? Ці ёсць апраўданне людзям у забойстве аленя?
Якую галоўную думку выказаў пісьменнік у творы?
Хто ў творы выяўляе гуманныя адносіны да прыроды?
Як можна ахарактарызаваць адносіны да прыроды Ірчынага бацькі?
3) Фізкультхвілінка.
(Дзяўчынка ў дошкі чытае верш на памяць Ніла Гілевіча, імітуе дзеянні, пра якія гаворыцца, вучні паўтараюць рухі за ёю)
Заўтра я павінна ўстацьРаненька з зарою:
Пойдзем зёлкі мы збірацьЛюдзям на здароўе.
Святаяннік, дзівасіл, сухацвет і піжму—
Каб было на лекі ўсім—
Буду рваць я ўвішна.
4) Сацыяканструкцыя (Работа ў групах)
Пасля індывідуальнай працы адбываецца групавая па вырашэнні навучальнай задачы—стварэння аднаго агульнага праекта. Вучні працуюць групамі, пісьмова запаўняюць дыдактычныя карты Дадатак 1.1; 1.2; 1.3, праекты.
Дадатак 1.1
ПраектПадрыхтуйце паводле плана свае прапановы, як зберагчы расліны, унесеныя ў Чырвоную кнігу.
Услухайцеся ў надзвычай паэтычныя назвы кветак нашай краіны, якія, на жаль, ужо занесены ў Чырвоную кнігу: ... .
Гэтыя назвы ім прыдумаў народ:
званочак сіні, таму што ... ; венерын чаравічак, таму што ... ;
сон-трава, таму што ... ;Сёння нас трывожыць тое, што ... .
Мы лічым, што выратаваць і захаваць прыродную спадчыну можна толькі тады, калі ... .
Дадатак 2.1
ПраектПадрыхтуйце паводле плана свае прапановы пра неабходнасць захавання законаў прыроды.
Прырода жыве паводле сваіх законаў: ... .
У гэтыя законы не павінен умешвацца чалавек , таму што ... .
Не толькі чалавек, але і кожная жывая істота мае права на ... .
Мы заклікаем: людзі, не забывайцеся, што ... .
Дадатак 3.1
ПраектПадрыхтуйце паводле плана прапановы па паляпшэнні ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды.
Мы лічым, што чалавек у адносінах да прыроды павінен быць ... .
Часта людзі не задумваюцца, што жывёлы і птушкі ... .
Мы заклікаем усіх людзей планеты Зямля ў адносінах да прыроды быць ... , ... , ... , таму што ... .
5) ФізкультхвілінкаЗмена дзейнасці для зняцця нервовага напружання (зрок). Настаўнік пад музыку прапаноўвае зрабіць гімнастыку для вачэй.
6) Сацыялізацыя (рэфлексія)
Вучні (1-2 ад кожнай групы) абараняюць свае праекты каля дошкі , пасля чаго гэтыя карткі замацоўваюцца на дошку.Усе астатнія вучні ў гэты час прыдумваюць свае заклікі ў абарону прыроды, якія можна было б памясціць на сайце ў інтэрнэце. Зачытваюць іх.
Настаўнік гаворыць, што гэты ўрок—першы крок у барацьбе падлеткаў за будучыню планеты, што сёння вучні асэнсавалі значнасць экалагічнай праблемы і ўсвядомілі: кожны цывілізаваны чалавек павінен актыўна ўдзельнічаць у захаванні прыроды для сваіх дзяцей і ўнукаў.
(пытанні вучням)-- Як вы разумееце сэнс слова «гуманізм»? Якое дачыненне яно мае да тэмы нашага ўрока?
Падвядзенне вынікаў працы, выстаўленне адзнак.

7) Дамашняе заданне.
Падабраць вершы беларускіх паэтаў на экалагічную тэму.