З вопыту работы Праверка дамашняга задання на ўроках беларускай мовы і літаратуры


Аддзел адукацыі Воранаўскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Воронаўская сярэдняя школа”
АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАВЕРКІ ДАМАШНЯГА ЗАДАННЯ НА ЎРОКУ
З вопыту работы
настаўніка беларускай мовы і літаратуры
Мацюк Алы Раманаўны
2013
Змест
Уводзіны 3
Віды дамашніх заданняў і іх аб’ем 5
Віды дамашніх заданняў 5
Аб’ем (дазіроўка) дамашніх заданняў 7
Сучасныя падыходы да арганізацыі праверкі дамашніх заданняў 9
Патрабаванні да арганізацыі дамашняга задання 9
Варыянтнасць заданняў для дамашняй работы 11
Метады і прыёмы праверкі дамашняга задання 15
Спосабы праверкі дамашняга задання 15
Інавацыйныя метады праверкі 20
Дамашнія заданні па беларускай мове 22
Дамашнія заданні па беларускай літаратуры 24
Дыферэнцыраваны падыход да дамашняга задання 25
Заключэнне 28
Уводзіны
Дамашнія заданні – разнавіднасць самастойнай працы, якая арганізуецца настаўнікам з мэтай замацавання і паглыблення ведаў, атрыманых на ўроку або для падрыхтоўкі да ўспрымання і засваення новага матэрыялу, а таксама для самастойнага вырашэння пасільнай пазнавальнай або творчай задачы.
Дамашнія заданні істотна адрозніваюцца ад класных. Яны выконваюцца без непасрэднага назірання і кантролю настаўніка, хоць і па яго ўказанні і з яго інструктажом. Праца над дамашнім заданнем мае важнае выхаваўчае значэнне, так як абапіраецца на самастойнасць, усвядомленасць і ініцыятыўнасць самога вучня. Пры выкананні дамашняга задання вучні могуць выкарыстоўваць разнастайныя крыніцы (падручнікі, мастацкія творы, даведнікі, манаграфіі, крытычныя артыкулы, мемуары, энцыклапедыі), пры гэтым яны павінны ўмець выбіраць найбольш рацыянальныя прыёмы замацавання матэрыялу, самастойна вызначаць ступень падрыхтаванасці да ўрока.
Дамашнія заданні павінны прыводзіць вучня на новы ўзровень пазнавальнай дзейнасці. Галоўная прымета дамашніх заданняў – іх пошукавы характар. Разам з тым нельга, каб дамашняя работа была больш складаная за тую, што выконвалася ў класе.
Тэма з’яўляецца актуальнай, так як пытанне пра дамашняе заданне займае адно з асноўных месцаў у працэсе навучання школьнікаў. Гэтае пытанне напрамую звязана са здароўем дзяцей. Вядома, што кожны настаўнік прыкладае максімальныя магчымасці для таго, каб яго вучні атрымалі глыбокія і якасныя веды. Але пры ўсёй важнасці ведаў неабходна прызнаць, што галоўным, “першасным” з’яўляецца здароўе вучняў, а ўсё астатняе, у тым ліку і веды, “другарадным”. Правільны падыход да аб’ёму, дазіроўцы дамашніх заданняў можа ў нейкай ступені захаваць здароўе вучняў.
Задача настаўніка на ўроку – не толькі сказаць, што неабходна выканаць дома, але і правільна праверыць дамашняе заданне. Менавіта таму лічу мэтазгодным вызначыць метады і прыёмы праверкі дамашняга задання, іх асаблівасці, разгледзець віды дамашніх заданняў у залежнасці ад тыпаў урокаў. Таксама хачу звярнуць увагу на патрабаванні, якія прад’яўляюцца да арганізацыі такіх заданняў. Надаецца пэўная ўвага і таму, як можна задаць дамашняе заданне.
Мэта дадзенай працы – разгледзець арганізацыйныя аспекты праверкі дамашніх заданняў на ўроках.
Для дасягнення мэты пастаўлены наступныя задачы:
Прааналізаваць метады і прыёмы праверкі дамашніх заданняў;
вызначыць віды дамашніх заданняў у залежнасці ад тыпаў урокаў.
Метады работы:
вывучэнне літаратуры па дадзенай тэме;
сістэматызацыя і абагульненне матэрыялу.
Віды дамашніх заданняў і іх аб’ем
1.1 Віды дамашніх заданняў
Сучасная методыка вылучае два віды дамашніх заданняў.
Апераджальныя заданні, якія прапануюцца вучням да ўрока і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні новага.
Заданні, якія з’яўляюцца працягам працы на ўроку і скіраваны на замацаванне пройдзенага матэрыялу.
У залежнасці ад тыпаў урокаў дамашнія задання падзяляюцца:
Да урокаў вывучэння новага матэрыялу
Завучванне матэрыялу падручніка і яго пераказ;
Дапрацоўка матэрыялаў урока праз складанне табліц, малюнкаў, знаёмства з матэрыялам, запланаваным для вывучэння на наступным уроку;
Збор матэрыялаў з дадатковых крыніц.
Да ўрокаў абагульнення
Адказы на спецыяльна падрыхтаваныя пытанні настаўніка;
Падрыхтоўка да адказу па заданні і плану, дадзенаму настаўнікам;
Самастойнае складанне плана адказу па якой-небудзь тэме або падрыхтоўка па гэтаму плану;
Вызначэнне ў тэксце асноўнага і другараднага матэрыялу;
Самастойны доказ таго ці іншага сцвярджэння, правіла або доказ, аналагічны таму, які даваўся ў класе;
Падбор дадатковага матэрыялу па тэме.
Да ўрокаў, на якіх неабходна прымяняць атрыманыя веды
Практычныя работы (падрыхтоўка картачак, табліц, схем і г.д.)
Выкананне практыкаванняў, аналагічных класным;
Выкананне нестандартных практыкаванняў;
Выкананне практыкаванняў з міжпрадметнымі сувязямі;
Самастойнае складанне заданняў, практыкаванняў;
Самастойнае вывучэнне нескладанага матэрыялу;
Работа над памылкамі.
Да ўрокаў кантролю і праверкі ведаў
Пісьмовыя адказы на пытанні;
Адказы на кантрольныя пытанні з падручніка;
Выкананне нестандартных і творчых заданняў.
1.2 Аб’ем (дазіроўка) дамашніх заданняў
Заданне павінна быць разлічана ў сярэднім на 30 хвілін, г. зн. займаць пятую або шостую частку ўсяго часу, які адводзіцца на ўрокі. 30 хвілін вучань можа займацца ўважліва і засяроджана, не робячы ў занятках перапынку, пасля якога яму бывае цяжка прыняцца за работу з такім жа інтарэсам, як і раней.
Гэтага часу дастаткова, каб вывучыць тэарэтычную частку падручніка і выканаць невялікае пісьмовае практыкаванне.
У асобных выпадках могуць быць дадзены і два практыкаванні (невялікіх), асабліва калі да наступнага ўрока не задаецца новы тэарэтычны матэрыял.
Практыкаванні, якія даюцца ў якасці дамашняга задання, могуць быць не только письмовымі: час ад часу яны павінны выконвацца і ў вуснай форме, але час, затрачаны на выкананне вуснага практыкавання, не павінен перавышаць указанай нормы.
Практыкаванні могуць адрознівацца складанасцю або разнастайнасцю заданняў, патрабаваць перапісвання тэксту з устаноўкай арфаграм і знакаў прыпынку або выбарачнага выпісвання патрэбных граматычных катэгорый, могуць быць насычаны разборам або не патрабаваць яго зусім. Усё гэта павялічвае або памяншае аб’ём работы, што таксама трэба ўлічваць, зыходзячы з таго, што на перапісванне тэксту ўжо патрабуецца ад 10 да 20 хвілін.
Найбольш працаёмкія па часе заданні, такія, напрыклад, як складанне
канспектаў, напісанне некаторых відаў сачыненняў, падбор прымераў на пэўнае правіла або рад правіл) з тэкстаў мастацкіх твораў, звязаных з графічным афармленнем у выглядзе рознага роду схем, табліц і т. п., трэба даваць без другіх заданняў, абавязкова з папярэдняй подрыхтоўкай, часта - як адно з дыферэнцыраваных заданняў, з улікам індывідуальных магчымасцей вучняў. Так, вучань, які працуе ў хуткім тэмпе, зробіць работу хутчэй, чым яго марудлівы таварыш; вучань, які валодае лагічным тыпам мыслення, хутчэй аформіць схему, складзе табліцу і г. д.
Даючы заданне, настаўнік робіць не толькі прыкідку часу, які патрабуецца для выканання дамашняй работы сярэднім вучнем, але і улічвае індывідуальную подрыхтоўку кожнага: дамашняе заданне для слабых вучняў не павінна быць ускладнена, каб яны маглі засяродзіцца на адным і разабрацца ў галоўным; у той жа час можна павялічыць аб’ём задання моцнаму вучню, але абавязкова ўказаць, што дадаткова павінны зрабіць вучні.
Сучасныя падыходы да арганізацыі праверкі дамашніх заданняў
2.1 Патрабаванні да арганізацыі дамашняга задання
Пры арганізацыі дамашняга задання неабходна выконваць наступныя патрабаванні:
дамашняе заданне павінна адпавядаць тэме і дыдактычным мэтам, зместу ўрока;
заданне павінна быць зразумелым кожнаму вучню;
аб’ём і складанасць дамашняга задання павінны адпавядаць узроўню навучальнасці і навучнасці;
заданне павінна насіць праблемны характар, інструктаж павінен быць падрабязным;
дамашняе заданне можа быць франтальным, дыферынцыраваным і індывідуальным, але заўсёды з улікам асаблівасцей класа;
заданні не павінны быць аднастайнымі і аднатыпнымі. У заданнях могуць сустракацца нестандартныя пытанні, пытанні для першапачатковага абдумвання, назіранні;
заданні павінны арыентаваць вучняў на самастойны пошук рашэнняў, на выкарыстанне раней атрыманых ведаў і навыкаў у новых абставінах;
у заданнях павінны ўводзіцца пытанні для паўтарэння асноўных раздзелаў праграмы (устаноўка на паўтарэнне вывучанага);
кожнае заданне павінна мець цяжкасць, але быць пасільным для вучняў. Гэтую цяжкасць яны могуць пераадолець пры максімальным выкарыстанні ўсіх сваіх магчымасцей і ведаў.
заданні павінны ўключаць у сябе пытанні, якія патрабуюць ад вучня ўменне параўноўваць, аналізаваць, абагульняць, класіфікаваць, вызначаць прычынна-выніковыя сувязі, фармуляваць вывады, прымяняць засвоеныя веды ў новых абставінах і г.д. (устаноўка на развіццё мыслення);
запіс аб дамашнім заданні павінен прысутнічаць у дзённіках ва ўсіх вучняў.
Заданне, накіраванае на засваенне матэрыялу ўрока, лепей даваць у канцы ўрока. Заданне на замацаванне якога-небудзь навыка – даваць адразу пасля практыкаванняў, мэтай якіх з’яўляецца выпрацоўка гэтага навыка. Заданні на кантроль ведаў вучняў карысна даваць у пачатку ўрока.
Дамашняя работа цесна звязана з работай на ўроку, з’яўляецца яго працягам і рыхтуе наступны ўрок.
Нельга дапускаць, калі дрэнна падрыхтаваны ўрок заканчваецца дамашнім заданнем, якое ўключае прапрацоўку незакончанага на ўроку новага матэрыялу і практыкаванняў да яго. Непасільны аб’ём задання параджае хранічнае недапаніманне.
Трэба помніць, што дамашняе заданне тлумачыцца і задаецца да званка з урока і павінна быць зразумелым вучням. Яшчэ на ўроку настаўнік павінен быць упэўнены, што вучні ведаюць, што, зачым і як выконваць дома. Заданне павінна быць пасільным для большасці, не вельмі простым для моцных вучняў.
Неабходна папярэдзіць празмернае захапленне дамашнімі заданнямі, якое можа прывесці да перагрузкі вучняў: выключыць заданні, разлічаныя толькі на механічную работу; вельмі вялікія заданні, якія адымаюць шмат часу, але не даюць патрэбнага станоўчага эфекту. Прычынай перагрузкі можа быць і няправільны разлік настаўніка на ўменні вучняў, якіх у іх на самой справе няма. Перагрузку выклікаюць і такія заданні, аб прыёмах выканання якіх вучні не маюць ясных уяўленняў, а таксама заданні, не скаардынаваныя настаўнікам па іншых прадметах.
Пастаноўка дакладнай мэты кожнага дамашняга задання, адбор іх відаў і рэальная ацэнка ўсіх магчымасцей вучняў можа папярэдзіць небяспеку перагрузкі.
Варыянтнасць заданняў для дамашняй работы
Некалькі варыянтаў таго, як можна задаць дамашняе заданне.
Выканаць дамашняе заданне па ўзору. На картачцы – узор выканання практыкавання, аналагічнага дамашняму (для слабых вучняў).
Самастойнае вывучэнне матэрыялу падручніка. Скласці план адказу, вызначыць галоўнае ў вывучаемым матэрыяле. Пры апытванні каля дошкі планам можна карыстацца.
Калектыўнае дамашняе заданне. Класс дзеліцца на групы па 5-6 чалавек прыкладна аднолькава падрыхтаваных да работы па дадзенай тэме. Кожная група атрымлівае заданне.
Добраахвотна выбраныя дамашнія заданні. (Зрабіце тыя практыкаванні, якія зможаце, але не менш…).
Картачкі для слабых вучняў:
з пропускамі, якія неабходна запоўніць;
з памылкамі, якія неабходна выправіць;
з незакончанымі сказамі, думкамі і інш.
На дошцы схема:
вызначыць правільнасць напісання схемы;
знайсці ў тэксце сказы, якія адпавядаюць дадзенай схеме.
Могуць прапанавацца індывідуальныя дадатковыя дамашнія заданні (або замест дамашняга задання для слабых вучняў).
Неабавязковыя самастойныя работы, якія выбіраюць вучні для пазакласнай работы ( напрыклад, на тыдзень).
Самастойная работа па прымяненню засвоеных ведаў у новых абставінах або па выпраўленню памылак, дапушчаных у кантрольнай або праверачнай рабоце.
Складанне апорных канспектаў таксама можна прапанаваць як адзін з відаў дамашняга задання.
Для складання апорных канспектаў у вучняў павінен быць дастаткова высокі ўзровень сфарміраванасці ўмення працаваць з вучэбнай і дадатковай літаратурай.
Вучань павінен умець:
самастойна складаць план да параграфа падручніка;
складаць план да расказа настаўніка;
працаваць з малюнкамі, складаючы па іх апавяданне;
выдзяляць у тэксце структурныя элементы ведаў (навуковыя факты, тэорыі, законы і г.д.);
карыстацца абагуленымі планамі;
працаваць з складаным тэкстам.
Для арганізацыі работы з апорнымі канспектамі спачатку неабходна выявіць узровень сфарміраванасці ўменняў самастойнай работы з падручнікам і дадатковай літаратурай. З гэтай мэтай можна прапанаваць вучням скласці план і канспект параграфа падручніка або яго часткі, а затым прааналізаваць выкананне работы з наступных пазіцый: уменне выдзяляць галоўнае, разбіваць матэрыял на часткі, сцісла пераказваць, выкарыстоўваючы наглядныя вобразы, услоўныя абазначэнні.
Пасля правядзення аналізу можно планаваць далейшую работу з вучнямі на основе выдзеленых груп:
– I тып (нізкі ўзровень): вучні могуць здавальняюча скласці план да прапанаванага настаўнікам апорнага канспекту, але не могуць самастойна скласці апорны канспект;
– II тып (сярэдні ўзровень): вучні дастаткова паспяхова могуць выдзеліць у тэксце асноўныя структурныя элементы і з дапамогай абагуленых планаў самастойна скласці апорны канспект;
– III тып (высокі ўзровень): вучні могуць самастойна скласці апорны канспект па любым тэксце і нават скласці абагульняючыя апорныя канспекты па цэлай тэме.
У залежнасці ад выяўленых асаблівасцей і магчымасцей вучняў могуць быць наступныя заданні на дом:
Для вучняў I тыпу:
а) скласці план да параграфа;
б) скласці план да гатовага апорнага канспекту настаўніка;
в) скласці расказ па дадзенай тэме, карыстаючыся гатовым апорным канспектам і тэкстам падручніка.
Для вучняў II тыпу:
а) скласці апорны канспект да часткі тэмы, параграфа;
б) скласці апорны канспект на основе работы з тэкстам падручніка па цэлай тэме.
Для вучняў III тыпу:
а) скласці апорны канспект на основе некалькіх падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, параўноўваючы і аналізуючы выкладанне вучэбнага матэрыялу ў кожным дапаможніку;
б) скласці апорны канспект па цэлай тэме з мэтай абагульнення і сістэматызацыі ведаў;
в) скласці апорны канспект на основе дадатковай навукова-папулярнай літаратуры.
Яшчэ адзін магчымы варыянт дамашняга задання, які застаўляе працаваць кожнага, заключаецца ў наступным: перапісаць параграф падручніка па-свойму, г.зн. стварыць свой, аўтарскі, варыянт па дадзенай тэме. Такі падыход адкрывае большыя магчымасці ў варыятыўнасці, дыферэнцыяцыі навучання, так як кожны вучань: працуе ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі; павінен удумліва азнаёміцца са зместам зададзенага параграфа; павінен выдзяліць асноўнае і другараднае; ствараючы аўтарскі варыянт, пераасэнсоўвае, запамінае, канструіруе матэрыял у залежнасці са сваім тыпам мыслення.
Дамашнія заданні могуць быць абавязковымі для выконвання ўсімі вучнямі, індывідуальнымі або заданнямі «для жадаючых», – у любым выпадку яны аказваюцца дыферэнцыраванымі, так як кожны вучань працуе ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і магчымасцямі. Напрыклад:
прыдумаць рэкламу правіла, раздзела, паняцця, з’явы і г.д.
скласці красворд па тэме;
напісаць апавяданне, верш, паэму;
прыдумаць дамашняе заданне па тэме,
скласці тэст;
прыдумаць кантрольныя пытанні для праверкі ведаў па тэме;
Метады і прыёмы праверкі дамашняга задання
3.1 Спосабы праверкі дамашняга задання
Праверыць дамашняе заданне – значыць устанавіць факт яго выканання, правільнасць выканання, якасць (як па зместу, так і па форме), выявіць самастойнасць выканання, вызначыць прыёмы, выкарыстаныя вучнямі пры самастойнай рабоце дома, вызначыць падрыхтаванасць вучняў да засваення новага матэрыялу.
Праверка дамашняга задання патрабуе пэўнай сістэмы: змест матэрыялаў праверкі, яго аб’ём і паслядоўнасць (што і калі правяраць); віды і прыёмы праверкі (якімі спосабамі і як правяраць); парадак выкліку вучняў (каго і калі правяраць).
Сістэма праверкі абавязкова павінна прадугледжваць методыку правядзення ўліку ведаў і розныя яго формы, якія дазваляюць ахапіць праверкай усіх вучняў і атрымаць дастаткова дадзеных для меркавання аб ведах кожнага вучня.
Дамашнія заданні не маюць сэнсу, калі іх рэгулярна не правяраць. У залежнасці ад зместу і задач урока, праверка дамашняга задання можа ажыццяўляцца як у пачатку ўрока (калі тэма ўрока з’яўляецца працягам папярэдняй), так і ў канцы (калі тэма новая).
Пры праверцы дамашняга задання практыкуюцца наступныя прыёмы:
франтальная праверка выкананага практыкавання:
выбарачная праверка пісьмовага задання;
франтальнае апытванне па заданню;
выкананне аналагічнага практыкавання;
узаемаправерка выкананага пісьмовага задання;
апытванне па індывідуальных картачках;
апытванне каля дошкі;
у класе пры дапамозе вучняў-кансультантаў правяраецца наяўнасць дамашняга задання, правільнасць яго выканання;
ланцужок. Каля дошкі вучань запісвае практыкаванне. На нейкім этапе настаўнік яго спыняе і просіць другога вучня далей выканаць гэтае практыкаванне;
калі выясняецца, што дамашняе заданне не выканана або зроблена з памылкамі, то яно выконваецца на дошцы настаўнікам пры дапамозе і каменціраванні вучнямі, да якіх настаўнік звяртаецца з пытаннямі або аналагічнае практыкаванне выконваецца на дошцы вызваным вучнем. Запіс па просьбе настаўніка каменціруюць з месца вучні.
Спосабы вуснага апытвання:
Апытванне з папярэдняй падрыхтоўкай (7 – 10 хвілін). Напрыклад, скласці план адказу, запісаць прыклады и г.д.
Ціхае апытванне (запіс на магнітафон);
Для актывізацыі ўвагі іншых вучняў выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: дапоўніць адказ, “падключыцца” да адказу, зрабіць рэцэнзію на адказ.
Франтальнае апытванне (для высвятлення засваення тэарэтычнага матэрыялу класам). Аснову складаюць пытанні, якія настаўнік прапануе класу. Яны павінны быць сфармуляваны, зададзены ў патрэбнай паслядоўнасці, насіць праблемны характар. Адзнакі за франтальнае апытванне не выстаўляюцца, але могуць быць выстаўлены пэўным вучням, калі яны адказвалі неаднаразова і правільна. Праца ў час франтальнага апытвання ўлічваецца ў канцы ўрока пры выстаўленні адзнак.
Ушчыльненае апытванне. На пэўным этапе ўрока ў пэўны прамежак часу настаўнік выкарыстоўвае розныя віды апытвання (індывідуальнае вуснае і пісьмовае, вуснае франтальнае, праверка дамашніх пісьмовых заданняў). Праводзіцца для праверкі значнай колькасці вучняў і адпаведна з мэтай выставіць многа адзнак.
Спосабы праверкі пісьмовага дамашняга задання:
Выбарачная праверка (знайсці ў тэксце практыкавання моўныя з’явы, факты ў адпаведнасці з заданнем настаўніка);
Праверка з дапамогай кансультацыі (складаныя дамашнія заданні). Настаўнік паведамляе, што за дамашняе заданне будзе выстаўлена кожнаму адзнака, але дазваляе праверыць заданне яшчэ раз і калі ёсць пытанні, то задаць іх настаўніку;
З дапамогай выканання практыкавання аналагічнага дамашняму;
З дапамогай дыктанта (тлумачальны дыктант). Настаўнік выбірае з тэксту дамашняга практыкавання складаныя словы і ўключае іх у тэкст дыктанта;
Узаемаправерка (абмен сшыткамі);
Самаправерка (дамашняе заданне на дошцы; са слоўнікамі).
Такім чынам, праверка дамашняга задання можа быць франтальнай, групавой і індывідуальнай. Нельга дапускаць універсалізацыі спосабаў праверкі, выкарыстоўваючы кожны дзень адны і тыя ж. Выхад у рацыянальным выкарыстанні ўсіх пералічаных вышэй спосабаў. Важна не зацягваць праверку дамашняга задання, што прывядзе да непрадуктыўных страт вкчэбнага часу. Калі ўвесь клас актыўна працуе на ўроку, гэта сведчыць аб добрай падрыхтоўцы дамашняга задання. Пры распрацоўцы сістэмы заданняў для дамашняга выканання настаўнік кіруецца прынцыпам “мінімум-максімум”. Заданні-мінімум абавязковыя для ўсіх вучняў. Заданні-максімум выконваюць толькі тыя вучні, якія надзвычай зацікаўлены літаратурай або мовай і маюць адпаведныя здольнасці да філалагічнай навукі.
Дома вучні самі плануюць сваю працу. Аднак неабходна ведаць, што найбольш прадуктыўны час для выканання дамашніх заданняў вучнямі, якія займаюцца ў першую змену, - з 15 гадзін, у другую – з 9 гадзін (час максімальнай разумовай актыўнасці).
Дамашнія заданні павінны складацца з улікам рэальных вучэбных магчымасцей і рэгламентавацца наступнымі часавымі рамкамі:
5 – 6 класы – да 2,5 гадзін;
7 класы – да 3 гадзін;
8 – 11 класы – да 4 гадзін.
Калі вучэбная нагрузка адпавядае рэальнаму ўзроўню развіцця асобы ў вучэбна-выхаваўчым працэсе, то гэта прывядзе да захавання здароўя вучняў, ліквідацыі іх перагрузак, павышэння якасці адукацыі (стабільных вынікаў навучання).
Маю ўвагу прыцягнула вось такая форма праверкі тэарэтычных ведаў вучняў. Яе можна практыкаваць пры праверцы дамашняга задання і на стадыі рэфлексіі. Сутнасць яе ў наступным. Задаю пытанні, на якія можна адказаць так або не. Калі падразумяваецца адказ так , абазначаем яго лічбай 1, калі не, абазначаем лічбай 0. Калі будуць дадзены адказы на ўсе пытанні, на дошцы паказваю лік, па якім становіцца зразумела, правільна ці не адказвалі вучні. Напрыклад, 100011. А пытанні гучаць наступным чынам. Ці згодны вы, што якасныя прыметнікі маюць ступень параўнання? Я сцвярджаю, што прыметнікі абазначаюць прымету прадмета. Я сцвярджаю, што прыналежныя прыметнікі абазначаюць дзеянне прадмета.
Каб выявіць адносіны вучняў да дамашняга задання, можна прапанаваць ім наступную анкету.
Колькі часу вы траціце на выконванне дамашніх заданняў (усяго):
2 – 2,5 гадзіны;
2,5 – 3 гадзіны;
Больш як 3 гадзіны;
1 – 2 гадзіны.
Колькі часу вы траціце на выконванне дамашніх заданняў па асобных прадметах?
25 – 35 хвілін;
35 – 40 хвілін;
Больш як 40 хвілін;
20 – 25 хвілін.
З якім настроем вы пачынаеце выконваць дамашняе заданне?
З вялікім жаданнем і цікавасцю;
Без жадання, але з пачуццём абавязку;
Без цікавасці і жадання;
Наогул не раблю дамашнія заданні.
Выконваеце дамашняе заданне:
Самастойна;
З дапамогаю;
Не выконваю.
Выконваеце дамашняе заданне:
Праз 2 гадзіны пасля заканчэння заняткаў у школе;
Праз 3 – 4 гадзіны;
У вячэрні час.
Ці атрымліваеце індывідуальныя дамашнія заданні?
Заўсёды;
Часам;
Ніколі.
Дамашнія заданні па аб’ёму і магчымасцях адпавядаюць узроўню вашых здольнасцей і магчымасцей?
Цалкам;
Часткова;
Не адпавядаюць.
Ці стамляецеся вы ад выканання дамашніх заданняў?
Не;
Часам;
Так.
3.2 Інавацыйныя метады праверкі
Прааналізаваўшы адказы вучняў на пытанні анкеты, настаўнік можа для сябе вызначыць, у якім аб’ёме і як даваць школьнікам дамашнія заданні, якія метады і прыёмы трэба выкарыстоўваць пры планаванні і праверцы работ.
Праверка дамашняга задання — гэта абавязковы элемент кожнага школьнага ўрока. Звычайны выхад да дошкі з расказваннем правіла або напісаннем практыкавання можа паказацца вучням дакучлівым заняткам. Менавіта таму цяпер настаўнікі прыходзяць да інавацыйных метадаў праверкі.
Пастаноўка нечаканых пытанняў.
Нечаканае пытанне, зададзенае настаўнікам, уяўляе сабой пытанне, якое сфармуліравана трохі іначай, чым заданні пасля параграфа. Калі дзеці сур’ёзна аднесліся да выконвання дамашняга практыкавання, то ім будзе не складана адказаць на яго.
Рэцэнзіраванне вуснага адказу.
Самі вучні ўважліва слухаюць адказ свайго аднакласніка і рыхтуюць вусную рэцэнзію на яго, адзначаюць станоўчае і адмоўнае ў адказе, дапаўняюць і пашыраюць яго.
Дыктант на аснове дамашняга практыкавання.
На ўроках беларускай мовы настаўнік можа подрыхтаваць выбарачны дыктант, графічны дыктант, дыктант з групіроўкай па арфаграмам. Увесь матэрыял бярэцца з вядомага дамашняга практыкавання. З гэтай жа мэтай для праверкі можно выкарыстоўваць картачкі і перфакарты.
Узаемаправерка.
Вучні мяняюцца сшыткамі з суседам і правяраюць правільнасць выканання дамашняга задання. Пасля гэтага вучні ставяць адзнаку па-свайму погляду і расказваюць пра дапушчаныя памылкі свайго сябра, агучваючы найбольш спрэчныя моманты.
Сціслы пісьмовы адказ на пытанне.
Настаўнік задае канкрэтнае пытанне, на якое можна адказаць вельмі коратка. Такія заданні дапамогуць замацаваць веды і звярнуць увагу вучняў на асноўныя моманты зададзенага параграфа. Пасля пісьмовага адказу вывучаная тэорыя больш трывала адкладзецца ў памяці вучняў.
Праверка з дапамогай праектара.
Тэкст зададзенага практыкавання праецыруецца на экране. У дадзеным тэксце каляровым шрыфтам прастаўляюцца акцэнты над самымі складанымі момантамі. Вучні параўноўваюць запіс у сваім сшытку з тым, што яны бачаць на экране, і выпраўляюць магчымыя памылкі. Трэба адзначыць, што пералічаныя вышэй способы праверкі дамашняга задання на школьным уроку будуць эффектыўнымі толькі тады, калі будуць прымяняцца комплексна і сістэматычна. 

3.3 Дамашнія заданні па беларускай мове
Практыкаванні, якія задаюцца ў якасці дамашняга задання, могуць выконвацца не толькі ў пісьмовай форме, але ў некаторых выпадках і ў вуснай. Аб’ём пісьмовай дамашняй работы не павінен перавышаць трэцяй часткі аб’ёму работы, выкананай у класе. Час, які затрачваецца на выкананне вуснага практыкавання, не павінен перавышаць неабходнай норіы.
Практыкаванні могуць ускладняцца шэрагам разнастайных заданняў, што павялічвае аб’ём работы. Гэта таксама неабходна ўлічваць, зыходзячы з таго, што на перапісванне практыкавання звычайна патрабуецца ад 5 да 10 хвілін. Найбольш працаёмкія заданні, як, напрыклад, падбор прыкладаў на пэўнае правіла, складанне схем, табліц і г.д., неабходна даваць без іншых заданняў, абавязкова з папярэдняй падрыхтоўкай, а ў некаторых выпадках – як адно з дыферынцыраваных заданняў, з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў.
Па свайму зместу дамашнія заданні могуць быць звязаны з матэрыялам аднаго ці некалькіх урокаў. Яны могуць уключаць у сябе (як дадатковыя заданні або як частка асноўнага задання) паўтарэнне раней вывучанага. У любым выпадку неабходна прытрымлівацца меры: пры наяўнасці дастатаковага аб’ёму асноўнага задання немэтазгодна перагружаць вучняў дадатковымі заданнямі. Іх неабходна даваць у тым выпадку, калі гэта сапраўды важна: пры паўтарэнні вывучанага матэрыялу, які патрэбны для больш якаснай работы пры вывучэнні новага, або ў сувязі з падрыхтоўкай да праверачных работ.
У якасці дамашніх заданняў могуць быць прапанаваны практыкаванні тыпу ўскладненага спісвання, дзе неабходна ўставіць прапушчаныя літары, часткі слоў або цэлыя словы, паставіць і растлумачыць прапушчаныя знакі прыпынку, а таксама зрабіць розныя віды граматычных разбораў.
Правільнае чаргаванне розных тыпаў практыкаванняў трэніруе ўсе віды памяці: зрокавую (напрыклад, пры выкананні практыкаванняў на спісванне), слыхавую ( пры складанні вуснага паведамлення), лагічную (пры афармленні схемы да вывучанага матэрыялу), вобразную і эмацыянальную (пры вусным апісанні прадмета, з’явы).
Не ўсе віды практыкаванняў аднолькава цэнныя ў якасці дамашніх заданняў у розных канкрэтных умовах. Таму настаўніку вельмі важна вырашыць пытанне аб ступені эфектыўнасці кожнага з іх у дадзеным канкрэтным выпадку. Злоўжываць такімі заданнямі, якія значна павялічваюць час выканання ўрокаў (складаць схемы, табліцы, рыхтаваць дамашнія сачыненні і г.д. ) недапушчальна.
3.4 Дамашнія заданні па беларускай літаратуры
Складальнымі часткамі курса літаратуры ў школе з’яўляюцца жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, мастацкія творы, асновы гісторыі літаратуры, тэорыя літаратуры, літаратурная крытыка. Засваенне такога шырокага спектра матэрыялу патрабуе ад вучняў крапатлівай самастойнай працы з рознымі крыніцамі.
У залежнасці ад крыніцы атрымання ведаў дамашнія заданні па літаратуры дзеляцца на наступныя тыпы:
папярэдняе самастойнае прачытанне вялікіх твораў;
праца над тэкстам твора (завучванне на памяць, пераказ, адказы на пытанні, распрацоўка сцэнарыяў, назіранні над мовай твора, падбор цытат, самастойны аналіз);
праца з падручнікам (адказы на пытанні, складанне плана і тэзісаў артыкула, канспекціраванне).
Па літаратуры могуць быць наступныя віды дамашніх заданняў:
вывучэнне дадатковай літаратуры пры напісанні сачыненняў, дакладаў, рэфератаў;
вуснае маляванне партрэтаў герояў;
падрыхтаваць малюнкі да найбольш цікавага эпізоду твора або да цэлага твора;
аналіз твораў;
падабраць цытаты для характарыстыкі герояў;
падрыхтоўка матэрыялу для напісання творчай работы;
разважанне на пэўную тэму (напрыклад “Творчасць К. Чорнага як выклік фашызму”, “У пошуках шчасця і будучыні: лёс герояў Кузьмы Чорнага”);
на падставе вывучанага твора скласці слоўнік афарызмаў (па творах Аркадзя Куляшова), гістарызмаў (па творах Уладзіміра Караткевіча) і інш.
вусны водгук на верш
Дыферэнцыраваны падыход да дамашняга задання
Дыферэнцыраваны падыход складаецца з індывідуальнай, групавой і франтальнай работы. Ён неабходны на ўсіх этапах навучання як на ўроках, так і ў хатніх умовах пры выкананні дамашніх работ.
На дамашнюю работу вучняў ускладаюцца важныя функцыі навучання, выхавання і развіцця. Але, на жаль, на практыцы гэтыя функцыі не заўсёды рэалізуюцца, так як асноўную ўвагу настаўнік накіроўвае на праблемы ўрока.
Часцей за ўсё класу даецца агульнае заданне. Для адных яно можа быць лёгкім, для другіх – цяжкім. Першыя не трэніруюць сябе на цяжкім для іх матэрыяле, другія трацяць упэўненасць у сваіх сілах. У выніку не выпрацоўваюцца адказныя адносіны да дамашняга задання. Навык самастойнасці ў рабоце лепш фарміруецца праз дыферэнцыраваныя дамашнія заданні з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў. Дамашняя работа эфектыўная толькі тады, калі вучні гатовыя да самастойнага яе выканання.
Дыферэнцыраванае дамашняе заданне можа быць лагічным працягам урока або абагульненнем вывучанага матэрыялу.
Вялікае ўздзеянне на якасць яго выканання аказвае праверка. Пры гэтым эфектыўнасць самастойнай работы вучняў дома залежыць не толькі ад патрабаванняў настаўніка да выканання дамашняй работы, але і ад прыёмаў яго праверкі, якія павінны быць рознымі не толькі па форме, але і па зместу. Калі праверка дамашняга задання праводзіцца пастаянна і, як правіла, звязана са зместам работы на ўроку, то вучні больш адказна адносяцца да яе выканання і стараюцца працаваць дома самастойна, каб быць падрыхтаванымі да ўрока.
Дыферэнцыраваныя заданні мэтазгодна даваць у наступных выпадках:
Пры вывучэнні тэмы, у якой сустракаюцца складаныя паняцці;
Пры абагульненні вывучанай тэмы і падрыхтоўцы да выніковых работ;
Пры рабоце над памылкамі ў кантрольных работах.
Пры гэтым адбываецца замацаванне ведаў, уменняў і навыкаў, развіццё лагічнага мыслення, фарміраванне самастойнасці, самакантролю, адказных адносін да вучобы. Неабходна адзначыць, што дыферэнцыраваныя дамашнія заданні асабліва важна выкарыстоўваць на этапе замацавання вывучанага матэрыялу. Калі моцныя вучні на гэтым этапе вывучаемы матэрыял у асноўным засвоілі, то тслабыя вучні яшчэ зазанаюць няўпэўненасць, таму дамашняя работа з выкарыстаннем дыферэнцыраваных заданняў на замацаванне матэрыялу, пройдзенага на ўроку, будуецца так, каб кожны вучань меў магчымасць самастойна выканаць заданне адпаведнага ўзроўню цяжкасці.
Прапануючы дыферэнцыраваныя дамашнія заданні настаўніку неабходна ўлічваць:
Здольнасці вучняў да вучэбнай дзейнасці (хуткае засваенне вучэбнага матэрыялу, глыбіня яго ўсведамлення);
Уменне выражаць свае думкі;
Пазнавальную актыўнасць (праяўленне цікавасці да атрымання новых ведаў).
Улічваючы індывідуальныя асаблівасці вучняў, заданні падбіраюцца так, што пры падпарадкаванні адзінай пазнавальнай мэце яны адрозніваюцца розным узроўнем складанасці. Прычым разам з індывідуальнымі картачкамі-заданнямі, як правіла, у трох варыянтах (вучні самі выбіраюць варыянт, або кожны варыянт настаўнік раней вызначае пэўнай групе вучняў), магчыма падрыхтоўка работы, якая ўтрымлівае заданні некалькіх узроўняў. Пры выконванні такога задання вучні становяцца суб’ектамі пазнавальнай дзейнасці, якая выхоўвае ініцыятыўнасць (у дадзеным выпадку выбар узроўню), самастойнасць у засваенні ведаў, уменняў, навыкаў, у развіцці мыслення, памяці і творчага ўяўлення. Таксама мэтазгодна выкарыстоўваць розныя прыёмы самакантролю.
Дыферэнцыраваныя дамашнія заданні забяспечваюць патрабаванні вучняў у трэніроўцы, дазваляюць запоўніць прабелы ў ведах. Індывідуальныя дамашнія заданні павінны атрымоўваць і добрапаспяваючыя, адораныя вучні, таму што такія заданні садзейнічаюць развіццю іх здольнасцей, паглыбленню ведаў. Асобыя заданні павінны ставіць перад вучнямі складанасці, пераодоленне якіх зробіць працу на ўроку больш карыснай. Ажывіць урок дапамогуць заданні, разлічаныя на доўгі час (прыблізна на паўгоддзе). Такія заданні можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі вучэбных і наглядных сродкаў; у працэсе подрыхтоўкі даклада і абароны яго перад класам; правядзенне выставы; доўгатэрміновага аказання дапамогі групе слабапаспяваючых аднакласнікаў.
Індывідуальныя дамашнія заданні дазваляюць адчуць пачуццё поспеху і тым школьнікам, якія па большасці прадметаў паспяваюць на «дрэнна» і «пасрэдна». Такія заданні даюць гэтым вучням магчымасць праявіць сябе, паказаць свае моцныя бакі, тым самым дасягаючы станоўчых адносін да навучання ў школе.
Індывідуальныя заданні не павінны давацца ад выпадку да выпадку. Прадуманая іх сістэма дасць магчымасць няўпэўненым вучням замацавацца ў сваіх магчымасцях, моцным – развіць свае інтарэсы да глыбокой зацікаўленасці, тых і другіх навучыць самастойнаму пазнанню.
Такім чынам , падкрэслім:
– пры падрыхтоўцы дамашняга задання неабходна выясніць, ці патрабуе яно ўдзелу ўсіх вучняў; калі не — трэба дыферэнцыраваць заданні;
– неабходна выкарыстоўваць дыферэнцыраваныя дамашнія заданні для замацавання матэрыялу, для развіцця індывідуальных здольнацей вучняў і іх прымянення ў інтарэсах усяго класнага калектыва.
Заключэнне
Такім чынам, можна зрабіць вывад, што дамашняя работа з’яўляецца натуральным і лагічным працягам класнай. Пры арганізацыі праверкі дамашніх заданняў настаўніку неабходна імкнуцца да:
замацавання ў памяці вучняў матэрыялу, вывучанага ў класе, а ў некаторых выпадках – больш паглыбленнае яго вывучэнне;
паўтарэння раней вывучанага матэрыялу;
замацавання і пашырэння розных навыкаў і ўменняў, неабходных для самастойнай работы праз выкананне пэўных заданняў;
выконвання практыкаванняў па новаму і раней вывучанаму матэрыялу;
працы з дадатковай літаратурай, дапаможнікамі.
Дамашняе заданне і яго прверка можа стаць неабходнай часткай засваення вучэбнага матэрыялу толькі тады, калі:
аб’ём, час, неабходны для яго выканання, мэтазгоднасць прадуманыя грунтоўна;
у час урока настаўнік правярае, ці зразумелі вучні матэрыял, ці ўсе змогуць самастойна з ім справіцца;
выкананне дамашняга задання правяраецца паслядоўна і выкарыстоўваецца ў далейшай працы на ўроку;
прымяняюцца рознабаковыя формы дамашняга задання і метады яго кантролю.
Таксама можна адзначыць, што, імкнучыся да павышэння якасці і эфектыўнасці ўрока, неабходна выконваць наступнае правіла:
няма неабходнасці задаваць на дом тое, што было дасягнута на ўроку;
тым не менш, дамашняе заданне – непазбежная састаўная частка і неабходнае дапаўненне да ўрока;
толькі пры адзінстве ўрочнай і пазаўрочнай работы могуць быць дасягнуты навучальныя і выхаваўчыя мэты.
Дамашняе заданне можна даць у любым раздзеле праграмы і на любым уроку, але яго трэба даваць толькі тады, калі неабходнасць строга абгрунтавана. Трэба добра ведаць, якую мэту вы хочаце дасягнуць, даючы заданне на дом. Вучні працуюць зусім па іншаму, калі ведаюць, з якой мэтай і для чаго яны выконваюць дамашняе заданне.
У заключэнне я хачу яшчэ раз адзначыць, што праверыць дамашняе заданне – значыць устанавіць факт яго выканання, правільнасць выканання, якасць (як па зместу, так і па форме), выявіць самастойнасць выканання, вызначыць прыёмы, выкарыстаныя вучнямі пры самастойнай рабоце дома, вызначыць падрыхтаванасць вучняў да засваення новага матэрыялу. Дамашнія заданні не маюць сэнсу, калі іх рэгулярна не правяраюць.
Закончыць я хачу словамі Н.К. Крупскай: “Заданне на дом урокаў – палка з двума канцамі, і калі яно метадычна не прадуманае, то можа прыводзіць як раз да адваротных вынікаў: навучыць халтурыць, недобрасумленна адносіцца да выконвання сваіх абавязкаў, набываць адмоўныя навыкі, якія перашкаджаюць вучобе, падманваць. Яно можа празмерна перагружаць вучняў без усякай патрэбы”.
Спадзяюся, што кожны настаўнік ведае, як метадычна правільна прапанаваць вучням выканаць дамашняе заданне, як правільна гэтае заданне затым праверыць, каб не ўзнікала непаразумення і недарэчнасцей. Кожны настаўнік творца сваёй працы і сваёй дзейнасці.