Примечание | от автора: Работа по истории и результатам белосусского съезда по реформам белорусского правописания |
Загрузить архив: | |
Файл: ref-22997.zip (92kb [zip], Скачиваний: 137) скачать |
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі Буларускі дзяржауны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
Кафедра беларускай і рускай моў
Рэферат
Тэма: Рэформа беларускага правапісу 1933 года
Рававога Івана Іванавіча
студэнта I курса групы №542802
Праверыла: Ламака С.В.
выкладчык беларускай мовы
Мінск 2005
Змест
Уводзіны............................................................................................. 2
Асноўная частка............................................................................. 4
1. Прадпасылкі і спробы рэфармавання беларускай мовы да рэформы 1933г................................................................................... 4
2. Рэформа беларускага правапісу 1933г......................................... 7
2.1. Пачатак русіфікацыі. Прадпасылкі рэформы 1933г…... 7
2.2. Рэформа беларускага правапісу і яе асаблівасці............. 8
2.2.1. Пачатак і ўмовы рэформы..................................... 8
2.2.2. Думкі і выступленні беларускіх пісьменнікаў і
культурных дзеячоў наконт рэформы........................... 10
2.2.3. Змены у правапісу, прынесенныя рэформай
1933г................................................................................. 14
Заключэнне........................................................................................ 17
Спіс літаратуры................................................................................. 18
Уводзіны
Сёння мы маем даволі багата публікацый па тэме, якую дзесяцігоддзямі не адважваліся ўздымаць на старонках навуковай літаратуры, у перыядычным друку. Тэма гэта - рэформа беларускага правапісу 1933 года.
Набыццё беларускай мовай неўзабаве пасля Кастрычніцкага перавароту статуса дзяржаўнай, афіцыйнае прызнанне, што ёй, як мове пераважнай большасці насельніцтва рэспублікі, належыць самы шырокі спектр сацыяльных функцый, паставілі на парадак дня велізарнай важнасці задачу ўнармавання беларускай мовы. За час, як на ёй сталі пісаць мастацкія творы і навуковыя працы, весці службовае справаводства, заняткі ва ўсіх тыпах выхаваўчых і навучальных устаноў, добра высветлілася, што яна, каб найлепш спраўляцца з выкананнем такога шырокага дыяпазону функцый, патрабуе даволі значнага марфалагічнага, фанетычнага і лексічнага ўпарадкавання.
Першыя ў найноўшай гісторыі спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся, звычайна ў межах нарматыўнай граматыкі, яшчэ да Тарашкевіча – на пачатку ХХ стагоддзя – гэтую працу вялі Эдвард Будзька, Баляслаў Пачопка (Пачобка), Антон Луцкевіч, Янка Станкевіч, Рудольф Абіхт. Аднак толькі з з’яўленнем "Граматыкі" Тарашкевіча беларускі правапіс атрымаў сваё ўнармаванае "аблічча".
З пашырэннем сфераў ужывання беларускага пісьма праблема ўнармавання артаграфіі не толькі заставалася на парадку дня, але і рабілася ўсё больш актуальнаю; спробы далейшага эвалюцыйнага ўнармавання правапісу праяўляліся цягам 1920-х гадоў у працах найперш Язэпа Лёсіка. У 1926 годзе ў Мінску адбылася прадстаўнічая міжнародная Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Канфэрэнцыя выявіла неразвязаныя пытанні, пазначыла магчымыя шляхі іх вырашэння, але не прыняла ніякіх дакумэнтаў кадыфікацыйнага характару.
Змена палітычнай кан’юнктуры і пераход улады да адкрыта русіфікацыйнай палітыкі пад канец гадоў спынілі працэс свабоднага, натуральнага пошуку нормы. У гэты час на Беларусі праходзіць палітыка беларусізацыі. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць хваля рэпрэсій, якія былі скіраваныя супраць нацыянальна-культурных кадраў Беларусі. Многія настаўнікі беларускай мовы апынуліся ў вязніцах альбо ў ссылцы. У 1930 г. была арыштавана група асоб з папярэдняй мовазнаўчай камісіі, якая працавала з 1926 г. па 1930 г. Гэтакія дзеячы на ніве беларускай мовы і культуры, як Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік і Вацлаў Ластоўскі былі арыштаваныі сасланы. У гэты час былі спынены ўсе мовазнаўчыя даследванні. У сітуацыі, калі не стала найважнейшых мовазнаўцаў Беларусі, была праведзеная рэформа беларускага правапісу ў 1933 г., наступствы якой мы адчуваем па сённяшні дзень.
Асноўная частка
1. Прадпасылкі і спробы рэфармавання беларускай мовы да рэформы 1933 г.
Першым буйным мерапрыемствам на шляху рэфармавання беларускай мовы было правядзенне 14-21 лістапада 1926 года ў Мінску па ініцыятыве Інбелкульта акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Мінскі мовазнаўчы форум выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць не толькі навукоўцаў рэспублікі.
У канферэнцыі бралі ўдзел 69 чалавек. Але не ўсе, хто прыехаў на яе, лічылі абавязковым рэформу беларускага правапісу і азбукі. Сярод іх быў і добры знаўца беларускай мовы С.Некрашэвіч. «Наша літаратурная мова, - гаварыў ён, - консалідаваўшы народныя гутаркі, вырасла ўжо ў сталы арганізм, які не патрабуе над сабой грунтоўных... аперацый». Такі погляд у пэўнай ступені мог сфарміравацца на базе яго сяброўскіх адносін з аўтарам «Беларускай граматыкі для школ» Браніславам Тарашкевічам, якую якраз і збіраліся рэфармаваць удзельнікі канферэнцыі і перш за ўсё Я.Лёсік, які меркаваў выступіць на ёй з асноўным дакладам. С.Некрашэвіч выказаўся за поўнае адхіленне праекта братоў Лёсікаў.
Удзельнікі філалагічнага форуму паказалі добрае веданне сутнасці праблемы моўнага развіцця ў рэспубліцы ў святле нядаўна абвешчанай беларусізацыі. Цяжкасці яе вырашэння справядліва бачылі ў неспрыяльных умовах мінулага. Аднак такое становішча з беларускай мовай не пужала яе шчырых рупліўцаў. Яны былі ўпэўнены, што шляхам стараннай працы па ўнармаванні правапісу можна будзе паступова давесці яе да таго ўзроўню, якому адпавядаюць старыя эўрапейскія літаратурныя мовы, забяспечваючы гэтым самым росквіт нацыянальнай культуры.
Непасрэдна сам філалагічны аспект парадку для канферэнцыі пачаў разглядацца толькі з падрабязнага аргументаванага выступлення С. Некрашэвіча. Ён не быў прыхільнікам карэннай ломкі моўнай спадчыны, заяўляючы, што ў складзенай Б.Тарашкевічам «Беларускай граматыцы для школ» правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай мовы». Затое ў сінтаксісе ім бачылася «шмат неўласцівых для беларускай мовы канструкцый пабудовы сказу». Прамоўца выказаў занепакоенасць наплывам у беларускую лексіку слоў (асабліва абстрактнага значэння) з іншых моў і стаяў за ўтварэнне такіх на базе ўласнага слоўнікавага матэрыялу з паступовай заменай усяго таго чужога, што набралася ў беларускай мове. «Тэндэнцыя да замены чужаземнай стыхіі сваёю, - гаварыў С.Некрашэвіч, - не ёсць толькі з'явішча беларускай культуры». І з гэтым нельга не пагадзіцца, ведаючы, якая мэтанакіраваная праца праводзілася многімі народамі па ачышчэнні сваіх літаратурных моў ад залішніх запазычанняў. Без такой працы не абысціся і сённяшняму корпусу філолагаў нашай краіны, калі мы жадаем узняць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай у вачах яе носьбітаў.
Яшчэ глыбей пранік у сутнасць разглядаемай на канферэнцыі праблемы Я.Лёсік, які азнаёміў прысутных з канкрэтным праектам па рэформе беларускай азбукі. Гэта ўжо было не першае выступленне Я.Лёсіка па данай праблеме. У адрозненне ад С.Некрашэвіча аўтар праекта па рэформе беларускай азбукі лічыў, што апошняя «не адпавядае ва ўсіх пунктах гукавому пісьму... не мае ўласнага твару», таму ён прапанаваў набліжаць беларускую азбуку да гукавога пісьма, «каб не абярнуць яго ў такое мёртвае і труднае для навучання, якім з'яўляецца пісьмо французскае або ангельскае».
Апанентаў у Я.Лёсіка аказалася больш, чым прыхільнікаў. Беларускую азбуку вырашылі не кранаць.
З няменшай крытыкай ішло і абмеркаванне прапанаванага Я.Лёсікам пр аекта рэформы беларускага правапісу, што сведчыла аб сур'ёзным падыходзе да праблемы, папярэджвала аб усялякіх памылках пры прыняцці канкрэтных рашэнняў. Сутнасць свайго погляду Я.Лёсік выказаў так: «... каб пісьмо было простае і лёгкае, для гэтага яно не павінна разыходзіцца з жывым вымаўленнем слоў». Таму ён не пагаджаўся з Б.Тарашкевічам, што той фанетычны прынцып увёў толькі пры напісанні галосных гукаў. З найбольш істотных паправак Я.Лёсіка, якія выклікалі шмат спрэчак, былі: увядзенне поўнага акання і на чужаземныя словы, адмена напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі (жыцьцё - жыццё), пасля «з» і «с» (зьвер - звер, сьнег - снег). Пасля грунтоўнага абмеркавання напісанне «а» ў ненаціскных складах іншаземных слоў зацвердзілі, што нельга не прызнаць за правільнае рашэнне. Для прыняцця яго, бясспрэчна, важную ролю адыграла цвёрдая пазіцыя сакратара Правапіснай камісіі Мялешкі, што «кожны народ вымаўляе чужаземныя словы згодна сваёй уласнай нацыянальнай акцэнтацыі», і С.Некрашэвіча, які оканне ў замежных словах разглядаў як супярэчнасць адзінству народнай і кніжнай мовы.
Затое адразу высветлілася, што ў Я.Лесіка будзе вельмі мала аднадумцаў у дачыненні да мяккага знака. Першым вельмі цвёрдую апазіцыю ў гэтым заняў С.Некрашэвіч, спасылаючыся, што і ў старабеларускай мове выкарыстоўвалі «ь» у словах сьнег, зьвер і інш. «Можна многа павыкідаць значкоў, - гаварыў ён, - і дайсці ўрэшце да кітайскай азбукі, але ж гэта не заслуга азбукі. Азбука і правапіс тады добрыя, калі яны па магчымасці азначаюць кожныя гукі, ва ўсякім выпадку характэрныя з іх. А што нашыя мяккія зычныя, асабліва свісцячыя, гукі характэрныя, аб гэтым і гаварыць не прыходзіцца».
С.Некрашэвіча цалкам падтрымаў П.Растаргуеў, заявіўшы, што «напісанне звер, дзвёх, мядзведзь, свет, цвет, суддзя, жыццё, ралля, чытанне без «ь» будзе мець вынікам усваенне няправільнага вымаўлення падобных слоў. Спасылка на іншыя мовы беспадстаўная; напрыклад, у расійскай мове мае месца мяккае вымаўленне некаторых зычных, але пры адсутнасці азначэння мяккасці пры напісанні яна губляецца ў жывым вымаўленні пісьменных людзей, і ў значнай большасці даводзіцца чуць цвёрдае вымаўленне... Паказанне ў граматыках на вымаўленне гэтых зычных не выратуе становішча». На думку І.Бялькевіча, ад неўжывання «ь» паміж падвойнымі мяккімі зычнымі траціцца асаблівасць беларускай мовы.
Увагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнула правіла напісання «у» і «і» пасля галоснага папярэдняга слова. Вельмі катэгарычным тут быў П.Растаргуеў, сцвярджаючы, што калі ў такіх выпадках зазначаныя літары не пісаць як нескладовыя, «значыць сцерці ў пісьмовай перадачы беларускай мовы адну з найбольш характэрных яе асаблівасцей». З ім пагаджаўся П.Бузук, спасылаючыся тут на ўкраінскі опыт, дзе нават «і» нескладовае пішуць у пачатку слова, калі папярэдняе канчаецца на галосны. Удзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой прапановай у дачыненні да «і».
Пры такой саліднай гаворцы на канферэнцыі аб маючай неўзабаве адбыцца рэформе правапісу беларускай мовы не магло не ўзнікнуць і пытанне аб ужыванні лацінскага алфавіта. Сярод праціўнікаў яго былі і такія выдатныя знаўцы беларускай мовы, як В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, П.Растаргуеў. Але дух талерантнасці, які панаваў на працягу ўсяго часу працы канферэнцыі, даў магчымасць смела выступіць і ў абарону лацінкі. Пераканаўча адстойваў яе П.Бузук: «... надыходзіць час падумаць аб лацініцы; бязумоўна, да гэтага справа дойдзе; мы эўропеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзесятковую сыстэму мер, нам застаецца зрабіць апошні крок - перайсці да лацінікі».
Асаблівым клопатам удзельнікаў канферэнцыі з'яўлялася ачышчэнне беларускай мовы ад залішніх уплываў з боку расійскай. І гэта зразумела: атрымаўшы статус дзяржаўнай, беларуская мова не магла болей заставацца на ўзроўні сапсаванай расійскай мовы. На пазіцыях сапраўднага пурытаніна ў гэтым пытанні трывала стаяў гісторык і публіцыст, у мінулым рэдактар «Нашай Нівы» В.Ластоўскі. Фанетычныя адступленні ад народнай мовы, на яго думку, выкліканы перш за ўсё запазычаннем расейскай абацэды (алфавіта). Датычыла гэта і дыфтонгаў уо(юю=іоу), ые(іе), якія складаюць адну з асаблівасцей беларускай мовы. Замена дыфтонгаў «адной літарай расійскай абацэды, - гаварыў В.Ластоўскі, - з'явішча штучнае і надта шкоднае для захавання натуральнай чыстаты мовы». Дзякуючы такой замене людзі гавораць па-крыўску, але з маскоўскім акцэнтам. Яго зусім не задавальняла, што ў беларускім правапісе фанетычная перадача захоўваецца толькі ў канчатках слоў (зрабіў, валоў), а іх карані пішуцца па-расійску(звон замест звуон). «У выніку гэтага наша старая і самабытная мова... выглядае правінцыяльным дыялектам расійскай мовы, а гэтае апошняе з'яўляецца перашкодай адраджэнню нашай пісьменнасці». На яго думку, «не толькі ў слове, як змесце народнай думкі, але і ў форме гэтага слова, у кожным паасобным гуку яго ці злучэнні гукаў адбіваецца гісторыя народу». Таму трэба «дасягнуць таго, каб нашы словы, формы і гукі на пісьме былі адбіццём гісторыі нашай пісьменнасці, гісторыі крэўскага, а не расійскага ці польскага народаў, сярод моў якіх наша пісьменная мова выглядае цяпер як толькі правінцыяльная адмена...»
Спецыяльна не бралі слова на канферэнцыі Янка Купала і Якуб Колас. Але вядома па выніках пайменнага галасавання і іншых крыніцах, што яны былі супраць таго, што канферэнцыя прыняла прапазіцыю С.Некрашэвіча пісаць «я» толькі ў першым складзе перад націскам і пакінула без змяненняў напісанне «не» і «без», калі яны стаяць асобна (г.зн. не падлягалі яканню). Я.Колас стаяў за пашырэнне якання і ў другім складзе пасля націску, за напісанне «німа», «ніхай», быў супроць ужывання «а» замест ненаціскнога «о» ў чужаземных словах.
З рознымі пачуццямі і настроем пакідалі людзі канферэнцыю. Адных яна радавала сваімі вынікамі, другіх - засмучала. Але як першыя, так і другія добра ўсведамлялі, што наперадзе іх яшчэ чакае вялікая праца, каб ачысціць беларускую мову ад усяго таго, што было не ўласціва яе нутраной прыродзе, каб зрабіць яе ва ўсім адпаведнай так нядаўна набытаму статусу дзяржаўнай. І вопытныя беларускія мовазнаўцы актыўна ўзяліся за гэтую высакародную справу.
2. Рэформа беларускага правапісу 1933г.
2.1. Пачатак русіфікацыі. Прадпасылкі рэформы 1933г.
Аднак адчувалася, што з кожным годам усё цяжэй і цяжэй праводзіць карысныя ідэі ў жыццё.З распачатай у канцы 20-х гадоў барацьбой з так званай беларускім нацыянал-дэмакратызмам да ходу працы па падрыхтоўцы новага правапісу раптам выказалі вялікую зацікаўленасць асобы, прафесійны статус якіх не меў нічога агульнага з праблемай мовазнаўства. Пэўны ўплыў імкнуліся рабіць яны і на склад навукоўцаў, што павінны былі далей займацца данай справай. І трэба думаць, што не абыходзілася тут і без выкарыстання матэрыялаў праведзенай у лістападзе 1926 года Канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Паводле зместу выступленняў на ёй партыйныя органы маглі скласці даволі поўныя ўяўленні аб палітычных перакананнях кожнага, хто браў слова, і ўжо вырашыць, даць ці не даць яму магчымасць удзельнічаць у распрацоўцы беларускага правапісу. Асаблівую падазронасць выклікалі тыя, хто быў вельмі заклапочаны праблемай ачышчэння беларускай мовы ад русізмаў і ўвогуле ад уплыву на яе з боку расійскай. А такіх поглядаў прытрымлівалася большасць удзельнікаў данага форуму, і свае пазіцыі яны выказвалі не завуалявана, а адкрыта, не думаючы, што хтосьці гэтаму будзе даваць палітычную афарбоўку. Для доказу прывядзем хаця б такія словы з выступлення А.Лёсіка: «Уласьцівасць беларускай мовы стане больш выразнай, калі мы будзем пісаць «прышлі у хату», чым «прышлі ў хату», бо апошняе напісанне набліжае беларускае выражэнне да расійскага «в хату» («ў» бліжэй да «в», чым «у»)». Пераканаўча паказваў, як адмоўна паўплывалі на адметнасць беларускай мовы некрытычныя запазычанні з расейскага правапісу, В.Ластоўскі. Таму не дзіва, што менавіта гэтых навукоўцаў першымі адхілілі ад далейшай працы над беларускім правапісам. Ужо ў снежні 1930 года Я.Лёсіка пазбавілі звання акадэміка АН БССР, а ў красавіку наступнага года выслалі за межы рэспублікі. Тады ж падобны лёс напаткаў і старшыню Правапіснай камісіі, віцэ-прэзідэнта АН БССР С.Некрашэвіча.
Можна было б прывесці і яшчэ шэраг фактаў, якія сведчаць пра неспрыяльныя ўмовы для завяршэння працы па складанні беларускага правапісу. Абмяжуемся хаця б такім. Ці ж маглі навукоўцы-мовазнаўцы АН БССР шчыра клапаціцца пра захаванне і прымнажэнне народнай лексікі, калі ў выдадзенай у Менску ў 1931 годзе кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» С.Вальфсон пісаў, што ў калектыве гэтай навуковай установы нічым іншым не займаюцца, як запаўненнем слоўнікаў пакрытымі плесенню вякоў, нікому не зразумелымі архаізмамі. Паводле яго фальсіфікацый, «нацдэмы лічылі сваёй важнейшаю задачаю вытравіць з беларускай мовы ўсякія элементы расійскай мовы». Зразумела, цяпер ужо кожны, хто быў прыцягнуты да складання беларускага правапісу, імкнуўся - каб толькі не быць залічаным у «нацдэмы» - абавязкова ўнесці штосьці з расейскай мовы ў беларускую, нягледзячы, як гэта стасуецца да яе.
Такі ход падзей задавальняў партыйныя і савецкія органы рэспублікі. Яны нават не палічылі патрэбным дапусціць да працы над рэформай правапісу і аднаго з вядомых навукоўцаў у галіне беларускай філалогіі - Браніслава Тарашкевіча, «Беларуская граматыка для школ» якога ў 1929 годзе перажыла пятае выданне. Сам аўтар яе з 7 жніўня 1933 года пасля абмену на Ф.Аляхновіча жыў у СССР, праўда, не ў Мінску, а ў Маскве пад пільным тайным наглядам спецслужбаў НКУС і працаваў там у Міжнародным аграрным інстытуце, а не, напрыклад, на філалагічным факультэце сталічных ВНУ ці ў АН СССР. Б.Тарашкевіч прыехаў у СССР прыкладна за 20 дзён да прыняцця пастановы СНК БССР аб зменах у правапісе, так што пры жаданні пэўных навуковых і ведамасных структур гэты навуковец паспеў бы сказаць сваё аўтарытэтнае слова ў беларускай філалогіі, і не выключана, удалося б хоць крыху зменшыць хібнасць ажыццёўленай рэформы, пазбегнуць узнікнення дзвюхварыятнасці беларускай мовы ў межах Савецкай і Заходняй Беларусі.
2.2. Рэформа беларускага правапісу і яе асаблівасці.
2.2.1. Пачатак і ўмовы рэформы.
Воляй лёсу дзень 26 жніўня 1933 года вельмі многае змяніў у жыцці беларускай мовы і разам з гэтым істотна паўплываў на агульны стан духоўнай культуры нашага народа. У той дзень Савет Народных Камісараў БССР без папярэдняга абмеркавання шырокімі коламі грамадскасці прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», пра мэтазгоднасць якой вось ужо шэсць дзесяткаў гадоў вядуцца спрэчкі. І як высвятляецца, найбольшую інтэнсіўнасць і востры характар набываюць яны тады, калі ў грамадстве актывізуюцца працэсы дэмакратызацыі, робіцца крытычная ацэнка пройдзенага шляху ў галіне нашага духоўнага развіцця.
Асіміляцыйная накіраванасць рэформы 1933 года з'яўляецца яе галоўнай сутнасцю, дамінантай. Усё пазітыўнае ў рэформе - вельмі нязначнае ў параўнанні з нанесенай ёю шкодай беларускай мове. Яна ў значнай ступені згубіла сваю мілагучнасць, стала мала абароненай ад расейскамоўнага ўплыву.
Ідэалагічныя службы кампартыі, якім удалося на самым вырашальным этапе рэформы ўзяць пад свой кантроль працу навукоўцаў-мовазнаўцаў, не сумняваліся, што з прыняццем вышэйназванай пастановы СНК БССР не спыніцца гаворка пра гэтую зусім не простую для лёсу беларускага народа падзею. У рэспубліканскіх эшалонах улады разумелася, што патрэбны будуць дадатковыя крокі, каб супакоіць, стрымаць людзей ад вядзення далейшых спрэчак, выказвання магчымай незадаволенасці. Было вырашана аўтарытэтам саміх пісьменнікаў паспрабаваць як-небудзь утаймаваць страсці непрыхільнікаў новага правапісу. І трэба сказаць, што многае тут удалося. Хаця і пішацца, што па ініцыятыве самога Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук і Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР праводзіўся па вечарах 11, 13 і 15 снежня 1933 года агульны сход пісьменнікаў Мінска, але ж няма сумнення, што ініцыятыва правядзення такога сходу зыходзіла ад партыйных інстанцый.
Як ужо стала завядзёнкай пад той час, сход мінскіх пісьменнікаў не мог не прыняць прывітання «любімаму правадыру працоўных усяго свету» І.В.Сталіну. Правадыра з Маскоўскага крамля яны запэўнілі, што будуць «бязлітасна змагацца з усялякімі класава-варожымі элементамі», цалкам пагадзіліся з логікай надта ж ужо папулярных сталінскіх тэзаў, што «праз росквіт нацыянальных культур і моў у перыяд дыктатуры пралетарыята» ўдасца стварыць вялікую «адну агульную сацыялістычную культуру і адну агульную мову ў перыяд перамогі сацыялізма ва ўсім свеце». І як было не пагадзіцца, калі рэфарматары беларускага правапісу ўжо зрабілі значны крок у бок такой мовы праз свядомое набліжэнне беларускай мовы да расійскай.
Акрамя прывітання І.В.Сталіну, падобныя пасланні былі накіраваны ўдзельнікамі сходу на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалы і старшыні СНК БССР М.Галадзеда, партыйнага і дзяржаўнага кіраўнікоў Украіны С.Касіёра і П.Постышава. У першым з іх адзначалася, што «пастанова СНК аб рэформе беларускага правапісу стварае яшчэ большыя магчымасці для магутнага культурнага ўздыму і росквіт»; зрывае маску з беларускіх нацдэмаў і нацыянал-фашыстаў, якія «ў сваіх контррэволюцыйных інтэрвенцкіх мэтах увесь час праводзілі шкодніцкую работу на мовазнаўчым і культурным фронце... імкнуліся пабудаваць штучны бар'ер паміж мовай і культурамі брацкіх совецкіх рэспублік РСФСР і БССР»; выказвалася задаволенасць, што кампартыя рэспублікі «нанесла сакрушальны ўдар па беларускай контррэволюцыі».
Савецкія пісьменнікі БССР добра разумеюць, што барацьба з буржуазным нацдэмакратызмам працягваецца, што абавязак кожнага сапраўды адданага справе пабудовы бяскласавага грамадства пісьменніка сваю зброю, сваю ненавісць абрушыць на рэшткі гібнучага класа, каб дабіць яго.
У тым, што пісьменнікі Беларусі будуць бязлітаснымі ў гэтай барацьбе з рэшткамі гібнучага класа,мы запэўняем працоўных Совецкай Украіны, запэўняем КП(б)У, запэўняем яе ЦК».
Цяжка сказаць, ці падліло гэтае прывітанне алею ў полымя барацьбы з нацыянальна самасвядомай часткай украінскага народа. Але мы ведаем, што і там барацьба была такой жа крывавай і бязлітаснай, як у Беларусі.
Прывітанні кіраўнікам Беларусі і Ўкраіны былі без подпісаў беларускіх пісьменнікаў. Як гэта часта тады практыкавалася, гэтыя прывітанні былі прыняты сходам увогуле. Зразумела, далёка не ўсе з прысутных на ім былі згодныя са зместам прывітанняў, але не пярэчылі толькі з-за страху апынуцца пад падазрэннем у адпаведных органаў.
2.2.2. Думкі і выступленні беларускіх пісьменнікаў і культурных дзеячоў наконт рэформы.
На сходзе выступілі ажно 18 пісьменнікаў. Першым узяў слова Андрэй Александравіч, у назве даклада якога - «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы» - быў зададзены тон сходу. Ваяўнічы характар мелі загалоўкі выступленняў І.Гурскага «Ніякай літасці ворагу», М.Зарэцкага «Мова - зброя класавай барацьбы», К.Крапівы «Змаганне дзвюх сістэм», М.Кульбака «На фронце яўрэйскай мовы - яшчэ арудуюць класавыя ворагі», А.Куляшова «Ускрыць маскіроўкі ворага».
Кожны з выступоўцаў лічыў сваім «абавязкам» перад партыяй і ўрадам як мага мацней стукнуць па «нацдэмах». Але найболый дасталася ім ад Андрэя Александравіча. «Шкодніцтва нацдэмаў, - гаварыў ён, - з асаблівай сілай праводзілася на мовазнаўчым фронце. На гэты фронт беларуская контррэволюцыя кінула, бадай, ці не самыя лепшыя свае сілы, і мовазнаўчыя ўстановы былі па сутнасці галоўнымі цытадэлямі контррэволюцыйнай работы...
Нацдэмы ўводзілі ў сучасную беларускую мову архаізмы з літоўскай метрыкі, з слоўніка Бярынды, з розных сярэдневяковых дакументаў, змагаліся за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак пралетарыята і працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы інтэрнацыяналізма, змагаліся супраць советызмаў - слоў, народжаных пралетарскай рэвалюцыяй, супраць слоў аднародных з рускай мовай».
Вось такімі страшэннымі ворагамі маляваў асноўны дакладчык сходу многіх з тых, хто па-сапраўднаму клапаціўся пра чысціню і самабытнасць мовы. Абвінавачванне ж «нацдэмаў», што яны былі супраць наплыву і ўжывання ў беларускай мове «слоў аднародных з рускай мовай» ужо да рэформы правапісу беларускай мовы і асабліва пазней было выкарыстана ў якасці падставы не толькі не перашкаджаць, а, наадварот, ва ўсім садзейнічаць гэтаму зусім неапраўданаму працэсу ў культурна-моўным развіцці беларускай нацыі. Прыхільнікаў такога працэсу, як пакажа далейшае жыццё, найбольш было сярод работнікаў выдавецтваў, рэдакцый газет і часопісаў, якія цалкам апынуліся пад уладай партыйных органаў, а таксама ў асяроддзі некаторых пісьменнікаў, журналістаў і навукоўцаў-мовазнаўцаў, што імкнуліся сваімі творамі садзейнічаць збліжэнню беларускай мовы з расійскай.
Пры ўсёй сваёй запалітызаванасці сходу некаторыя бачылі, што «рафінаванне» беларускай мовы, чаму даваў такія шырокія магчымасці дэкрэт СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года, можа вельмі трагічна закончыцца для яе, і таму рабіліся спробы хоць эзопаўскай мовай папярэдзіць надыход такой непажаданай з'явы.
Мова была роднай і дарагой, і найперш сваёй адметнасцю і самабытнасцю, многім майстрам прыгожага пісьменства. Калі ж яны і падтрымлівалі пастанову СНК аб спрашчэнні правапісу, дык толькі таму, што былі сілы, якія патрабавалі ад іх менавіта такіх адносін. Хаця да масавых рэпрэсій яшчэ заставаліся чатыры-пяць гадоў, у Беларусі ўжо пракаціліся магутныя хвалі барацьбы з надуманымі нацыянал-дэмакратамі, у выніку якой давялося панесці шмат страт, не выключаючы і самога жыцця, у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Да гэтага часу амаль згас дух беларусізацыі, а яе найбольш гарачыя прыхільнікі па волі савецкіх карных органаў адхіляліся ад любімай працы, вымушаны былі жыць дзесьці далёка ад роднай Бацькаўшчыны. Людзей агарнуў вялікі страх за свой лёс, яны ўсё менш і менш давяралі адзін аднаму. Жыццё калектываў творчай і навуковай інтэлігенцыі ў значнай ступені падпала пад уплыў партыйных арганізацый, таму не дзіўна, што ўдзельнікі агульнага сходу пісьменнікаў Мінска такімі адзінымі былі ў ацэнцы рэформы беларускага правапісу, у якой было больш партыйнай палітыкі, чым лінгвістычнай патрэбнасці. Кожны выступоўца пры выказванні думкі вымушаны быў куды больш кіравацца лініяй партыі ў нацыянальнай палітыцы, у тым ліку і моўнай, чым неабходнасцю ўнясення якіх-небудзь змен у беларускі правапіс.
У тым жа годзе Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук выдаў кнігу «Пісьменнік і мова: Збор артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы». Усё тая ж набітая аскоміну гаворка пра барацьбу «за ачыстку мовы ад класава-шкодных плыняў, ад нацдэмізмаў, архаізмаў, ад штучна ўтвораных па нацыяналістычнаму тыпу слоў». Звяртае на сябе ўвагу апошні абзац з прадмовы дырэктара Інстытута мовазнаўства Андрэя Александровіча да кнігі: «Калі кнігай «Пісьменнік і мова» нам удалося нанесці яшчэ адзін скрышальныўдар па недабітыхрэштках нацдэмаўшчыны ... пастаўленую перад сабою задачу ... мы выканалі».
Бясспрэчна, такая мэта была дасягнута і не ў малой ступені дзякуючы артыкулу самога А.Александровіча пад назвай «Вырваць з корнем пустазелле», якім пачыналася кніга. Называючы нацдэмаў у мовазнаўстве такімі выразамі, як «бяздарныя невукі», «хітрыя, звераватыя палітыкі і палітыканы», ён яшчэ больш распальваў гэтую шкодную ў асяроддзі беларускіх літаратараў барацьбу. Такому ж распальванню служыў і заклік арганізатара мовазнаўчай акадэмічнай навукі: «... трэба максімальна глыбока ўскрыць подлую атрутную работу нацыяналістаў, ускрыць іх метады і формы работы на моўным фронце, паказаць змест тых формул, якія мы прывыклі даваць па адрасу іх работы (паланізатарства, насаджэнне архаізмаў і неалагізмаў)». На думку аўтара разглядаемага артыкула, барацьбу супроць засмечвання мовы неабходна пераплятаць «з барацьбой супраць нацыяналізма, супраць беларускага контррэволюцыйнага нацыянал-дэмакратызма, таму што гэтаму засмечванню нацыянал-дэмакраты прыдалі дадатковую класавую функцыю - змагацца супраць партыі і пралетарыята на фронце будаўніцтва нацыянальнай культуры».
Шмат бруду на «нацыяналістаў» выліў ЭдГалубок у артыкуле пра стыль беларускай савецкай драматургіі. Апошняя, паводле яго цвёрдага меркавання, прыйшла да свайго мастацкага росту, толькі «вядучы пад кіраўніцтвам партыі напружаную барацьбу з нацыянал-дэмакратамі, якія імкнуліся захапіць пазіцыі ў галіне тэатра і ў прыватнасці драматургіі». А калі гэта так, дык і аўтару самому нічога не заставалася рабіць, як далей працягваць барацьбу з «нацдэмамі», выкрываць іх варожыя дзеянні і задумы. Заключаліся яны нібыта ў адшукванні выкрышталізаванай мовы «мастацтва як мастацтва, даступнага толькі адзінкам, надзеленым высокай мерай пачуцця», у ідэалізацыі мовы кулацтва, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі, захвальванні мовы Дуніна-Марцінкевіча, імкненні да «своеадменнай і высокаякаснай беларускай мовы», якая адрознівалася б «па сваіх культурных адзнаках ад мовы расійскай».
Закончваў кнігу артыкул П.Юргілевіча «Моўныя тэорыі і практыка контррэволюцыйных лідэраў «Узвышша». Адштурхнуўшыся ад палажэння вядомага навукоўца-філолага Мікалая Мара, што мова ёсць «нязменны сродак класавай барацьбы», П.Юргілевіч і распачаў яе з «нацдэмамі» ўжо з першых радкоў артыкула. На думку аўтара, самыя галоўныя сілы «нацдэмаў» былі сканцэнтраваны на мовазнаўчым участку і сярод іх, вядома, у першую чаргу Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, В.Ластоўскі, М.Гарэцкі і П.Бузук. Гэта яны зрабілі «мовазнаўчыя інстытуцыі... цытадэлямі сваёй падрыўной контррэволюцыйнай работы», далі ўстаноўку на «стварэнне штучнага бар'ера паміж беларускай мовай і мовай рускага пралетарыята і набліжэнне беларускай мовы да мовы фашыскай Польшчы». Варожасць, антысавецкую накіраванасць дзеянняў «нацдэмаў» П.Юргілевіч бачыць літаральна ва ўсім: замене кірыліцы на лацінку, каб толькі не быць падобнай да расійскай азбукі, ва ўвядзенні ў беларускі алфавіт некаторых новых літар і асабліва ў тым, як складаліся імі слоўнікі, распрацоўвалася тэрміналогія, у выніку чаго нібыта не знайшлося ўжытку для сотняў, тысяч агульных для беларускай і расійскай моваў слоў.
Аб'ектам самай злоснай крытыкі стаў «зброеносец нацдэмізму» Ўладзімір Дубоўка, які, як вядома, шмат зрабіў для ўзвышэння прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве, вывучэння шляхоў яе развіцця. Ён лічыў, што нацыянальная мова з'яўляецца нечым спрадвечным і арганічна звязаным з самім народам, што ў ХІІ-ХVІ стагоддзях беларуская мова дасягнула найвялікшага росквіту. Адмаўляецца сцвярджэнне Дубоўкі, што «ў склад беларускага лексікона ўваходзяць у пераважнай большасці словы агульнаславянскія і самабытна беларускія». Няцяжка зразумець чаму: адсутнічае залежнасць развіцця беларускай мовы ад расійскай, няма падстаў разглядаць першую як дыялект другой. У такім жа святле разглядаюцца тут «нацдэмаўскі трубадур» Язэп Пушча, мова якога гэтаксама «перасыпана нацдэмізмамі», «махровы нацдэм» Язэп Лёсік і абаронца «нацдэмаўскай лініі ўзвышанцаў» Адам Бабарэка.
Усё, што рабілася напярэдадні і пасля
прыняцця пастановы СНК БССР аб рэформе беларускага правапісу, не магло не
хваляваць і прадстаўнікоў небеларускай творчай, навуковай інтэлігенцыі. Цікава
выказаўся на нарадзе летувіскіх савецкіх пісьменнікаў Беларусі (праходзіла ў
Вышэй гаворка вялася пра погляды на рэформу беларускага правапісу 1933 года асобаў і перш за ўсё пісьменнікаў, якія ўжо на той час паспелі знайсці сабе месца (хтосьці і даволі прэстыжнае) у грамадскім жыцці, інтэгравацца ў дзяржаўна-партыйныя структуры, стаць іх даволі актыўнымі абаронцамі. Зусім іншых поглядаў на рэформу прытрымліваліся літаратары, што знаходзіліся ў самым нізе ўзведзенай у Беларусі дзяржаўна-партыйным апаратам сацыяльнай піраміды, не мелі аніякіх званняў і ўзнагарод. Вось, да прыкладу, думка пісьменніка і пасляваеннага эмігранта Янкі Золака, якога на пачатку 30-х гадоўведалі толькі на роднай Магілеўшчыне: «Наша пакаленне выхавана ў час беларусізацыі. Мы паспелі ўвабраць нацыянальны дух. І калі пачалася змена правапісу, успрынялі гэта адмоўна, але нічога не маглі зрабіць. Пазнейшыя пакаленні ўжо адыходзілі ад нацыянальнай самасвядомасці... Мы з трывогай назіралі, як трымаюцца нашы пісьменнікі». А трымацца ім было ой як нялёгка...
А вось што рэформа правапісу была з'явай штучнай, навязанай народу зверху партыйна-дзяржаўнай наменклатурай, сведчыць адсутнасць усялякай падтрымкі яе з боку саміх носьбітаў беларускай мовы, а таксама больш нізкіх паводле сацыяльнага статусу, але затое самых масавых майстроў пяра, педагагічнай інтэлігенцыі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна і Беларусь апынулася пад фашысцкай акупацыяй, з часу ўвядзення новага правапісу мінуў ужо і не такі малы тэрмін. Каб рэформа была ў многіх адносінах з'явай станоўчай, за гэты час яна магла б пусціць даволі глыбокія карані ў душы і сэрцы беларусаў. Не, такіх каранёў яна не пусціла. Пераважна на ініцыятыве вышэйпералічаных катэгорый інтэлігенцыі, а не па загадзе акупацыйных уладаў на старонкі перыядычнага друку, у навучальна-выхаваўчы працэс школ, службовае справаводства і іншыя сферы жыцця пачала вяртацца беларуская мова дарэформеннага ўзору, і пярэчанняў з такой нагоды нідзе не назіралася.
2.2.3. Змены у правапісу, прынесенныя рэформай 1933 г.
Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 г. “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” датычыла напісання галосных і зычных гукаў, слоў іншамоўнага паходжання, уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў, а таксама ўсталёўвала канчаткі ўскосных склонаў у розных часцінах мовы.
У галіне правапісу галосных рэкамендавалася:
1. Пісаць я замест е толькі ў першым складзе перад націскам. Ва ўсіх іншых выпадках як перад націскам, так і пасля націску пісаць е. Гэтую змену не пашыраць на этымалагічнае я, якое застаецца нязменным і ў ненаціскных складах, а таксама на я ў канчатках словаў.
2. Часціцу не і прыназоўнік без, калі яны стаяць асобна, заўсёды пісаць праз е.
3. Перад пачатковымі націскнымі галоснымі о, у заўсёды пісаць в, за выключэннем геаграфічных назваў, напрыклад восень,вусень, але Орша, Ула. Перад націскным у пісаць в тады, калі гэта у не зяўляецца прыставачным і не развілося з в, напрыклад вучыцца, але урад, улада.
У правапісе зычных найбольшую шкоду прынесла пастанова, згодна з якою трэба было выкінуць ь з напісання паміж мяккімі зычнымі, напрыклад свет замест сьвет. Мяккі знак захоўваўся толькі ў тых словах, у якіх ён пішацца і перад цвёрдымі зычнымі, напрыклад пісьмо - у пісьме. Мяккі знак таксама ліквідаваўся паміж падоўжанымі зычнымі, напрыклад насенне замест насеньне, галлё замест гальлё і г.д. Гэтая пастанова прычынілася да змены беларускага вымаўлення, якое, згодна правілу “чытай як пішацца”, стала больш цвёрдым, не беларускім.
Для вызначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным рэкамендавалася пісаць апостраф. Выключэннем ад гэтага правіла зяўляецца л, пасля якога трэба пісаць ь.
Вельмі многа змен уводзіла рэформа 1933 г. у напісанне слоў іншамоўнага паходжання. Вось яны:
1. Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканні. Пісаць рэволюцыя, совет. У астатніх іншамоўных словах о пісаць праз а, але захаваць э, напрыклад маналог, тэлеграф.
2. Іншамоўнае э пасля зычных перадаваць праз е, за выключэннем выпадкаў пасля д і т, калі іншамоўнае э трэба перадаваць праз э, напрыклад методыка замест мэтодыка, але дэлегат, тэатр. У даўно запазычаных словах э перадаваць праз а, напрыклад гандаль, літаратура.
3. Была адменена перадача гука л эўрапейскага ў іншамоўных словах выключна праз л мяккае, у выніку чаго знешняя форма цэлага шэрагу запазычаных слоў наблізілася да адпаведных слоў расійскай літаратурнай мовы: блок, дыпламат, клуб, а не блёк, дыплямат, клюб. Далей ў пастанове гаварылася, што ў выпадках, калі ў жывой мове іншамоўнае л вымаўляецца мякка, пісаць л мяккае, напрыклад бінокль, аўтамабіль, мараль. Паслядоўна мяккае л пісаць у злучэннях: -ляваць, -люцыя, -ляр, -лятар, -льны, напрыклад фармуляваць, эвалюцыя, палярны, рэгулятар, актуальны. Вось такі разнабой устанаўліваўся ў напісаньні л у запазычаных словах.
4. Згодна з новым правапісам іншамоўных слоў толькі пасля д, т і зацвярдзелых зычных трэба пісаць ы, а пасля ўсіх апошніх і, значыць, уводзілася напісанне тыпу: сістэма, фізіка, універсітэт замест сыстэма, фізыка, унівэрсытэт.
5. Іншамоўнае т і грэцкае фіта пачало перадавацца праз ф, а не праз т, напрыклад арыфметыка, міф, кафедра, але метад, тэзіс.
6. Іншамоўнае ф і грэцкае фі стала пісацца праз ф, а не згодна з беларускімі гаворкамі, у якіх запазычанае ф перадавалася праз х ці хв, напрыклад форма, фунт.
7. Увяліся расійскія канчаткі -ій, -ый у словах тыпу алюміній, пролетарый, якія раней пісаліся з канчаткамі -і, -ы.
8. Уводзілася напісанне такіх слоў як комуніст, марксіст без канчатка -ы ды скланенне іх як назоўнікаў. Раней скланяліся яны як прыметнікі: комуністы, комуністага і г. д.
Значныя змены адбыліся таксама ў напісанні ўласных імён, прозвішч і геаграфічных назваў. У “Асноўных палажэннях пастаноў урада БССР аб упарадкаванні правапісна-граматычных норм сучаснай беларускай мовы”, а была гэта Пастанова Савета Народных камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 г. “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса” ў пункце “Правапіс уласных імён, прозвішч і геаграфічных назваў” чытаем: “Імёны іншых моў і геаграфічныя назвы пісаць з захаваннем асаблівасцей той мовы, з якой яны ўзяты, але падпарадкаваць наступным правілам беларускага правапісу:
а) аб аканні (з захаваннем э, е): Шэўчэнка, Егор’еўск...;
б) аб напісанні галосных пасля зацвярдзелых зычных: Жытомір, Чэрэпавец;
в) аб дзеканні і цеканні, калі зычныя д і т з’яўляюцца мяккімі ў іншай мове: Владзівасток, Дзюрынг...;
г) правілам аб пераходзе в у ў на канцы складоў: Варашылаў, Кіеў...;
д) імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісанні, так і ў скарочаным: Орджанікідзе, Терэхаў...;
е) уласныя беларускія імёны пісаць паводле жадання іх носьбітаў: Васіль або Базыль, Міхаіл, Міхал або Міхась...”
Апрача гэтага прапанавалася, каб у геаграфічных назовах перад пачатковымі націскнымі галоснымі о і у не пісаць прыстаўнога в, што тычылася не толькі іншамоўных назваў, але і беларускіх. І так, прапанавалася напрыклад пісаць Орша замест Ворша. Аб тым, што раней горад называўся Ворша сведчаць пячаткі і паштовыя штэмпелі.
Менск, які, заменены небеларускай формай Мінск, працягвае сваё існаванне па сённяшні дзень. Першы ўспамін пра Менск адносіцца да 1067г. Паходжанне назвы звязана з ракой Менкай, а ў іншым тлумачэнні - са словам мена, таму што нібыта ў старажытныя часы на месцы цяперашняга горада знаходзіўся менавы пункт - гандлёвы рынак, ад чаго горад, які тут узнік, атрымаў назву Менск.
Рэформа 1933 г. уносіла змены таксама ў граматыку, а гаворачы больш дакладна, у марфалогію. Да найбольш істотных трэба аднесьці тыя пункты, у якіх прапанавалася:
а) назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі -а, -я: завода, трактара, інстытута, соцыялізма, правапіса, але: жалю, гаю, цэменту. Тут трэба адзначыць, што для беларускай мовы больш характэрна напісанне з канчаткам -у, які выступае ў назоўніках, азначаючых абстрактныя паняцці, рэчыўныя, зборныя прадметы, прасторавыя і часавыя паняцці, а канчатак -а характэрны толькі назоўнікам, якія азначаюць канкрэтныя прадметы;
б) выключыць паралельныя формы -ом, -ох у назоўніках мужчынскага ды ніякага роду ў давальным і месным склонах множнага ліку; пісаць кіраўнікам -аб кіраўніках, братам - аб братах замест кіраўніком - аб кіраўнікох, братом - аб братох. Раней Браніслаў Тарашкевіч у “Беларускай граматыцы для школ” прапанаваў пад націскам канчаткі -ом, -ох, якія, згодна мапам “Дыялекталагічнага Атласа Беларускай Мовы” характэрныя не толькі цэламу паўднёва-заходнему дыялекту, але і бальшыні сярэднебеларускіх гаворак;
в) уніфікаваць залежныя склоны лічэбнікаў два - дзве, абодва - абедзве; для ўсіх трох родаў пісаць: двух - абодвух, двум - абодвум... Тут ізноў варта адклікацца да беларускіх гаворак. Як пішуць Э.Блінава й Е. Мяцельская ў “Беларускай дыялекталогіі”: “лічэбнік два ... спалучаецца ў большасці гаворак з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду: два стагі, два вядры, дзве - з назоўнікамі жаночага роду: дзве падушкі. У гаворках Брэсцкай, Гомельскай, паўднёвых раёнаў Гродзенскай і мінскай абласцей лічэбнік дзве можа спалучацца не толькі з назоўнікамі жаночага роду: дзве зіме, дзве калодзе..., а і з назоўнікамі ніякага роду: дзве пісме, дзве вядрэ.” Гэта захаваныя ў гаворках рэшткі форм парнага ліку. Далей можам прачытаць у “Беларускай дыялекталогіі”, што толькі “у асобных сярэднебеларускіх і паўднёва-заходніх гаворках у родным, давальным і месным склонах не адбылося змякчэння асновы, у выніку формы жаночага, мужчынскага і ніякага роду лічэбнікі супадаюць: на сваіх двох нагах...”
г) увесьці ў беларускі правапіс дзеяпрыметнікі незалежнага стану, асабліва, калі яны “азначаюць сацыяльны сэнс”, напрыклад пануючы клас, а не кляса, якая пануе. Бачым, што тут не толькі ўводзіліся дзеяпрыметнікі, але адначасова змяняўся і род назоўнікаў.
У такім менавіта напрамку пачала развівацца беларуская мова пасля рэформы правапісу 1933 г.
Заключэнне
Рэформа 1933 году паклала пачатак суіснавання двух правапісных стандартаў – класічнага ("тарашкевіца"),які бярэ пачатак у граматыцы Тарашкевіча і афіцыйнага ("наркамаўка"),які і паходзіць з рэформы, але на практыцы рэформа вылілася ў рэвізію нормы як на артаграфічным, гэтак і на іншых роўнях мовы: артаэпічным, марфалагічным, сінтаксічным, лексічным Рэформа не развязала актуальных праблем артаграфіі, не спрасціла правапісу, а ў шэрагу выпадкаў ускладніла яго (напр., ужыванне ў нескладовага, адлюстраванне мяккасці зычных (хтосьці, ў госці) ды інш.)..
Больш за ўсё непакоіць, што ёсць навукоўцы, якія лічаць Рэформу 1933 года справядлівай, а таму і недатыкальнай. Магчыма, дзесьці яна і аблегчыла напісанню тых ці іншых слоў, але гэта зусім нязначная заслуга ў параўнанні з тым, што яна забрала ў нашай мовы з нутрана ўласцівага ёй. Акрамя таго, рэформа адначасова ўносіла ў беларускую мову нехарактэрныя для яе рысы з тым, каб толькі наблізіць яе да тагачаснай агульнадзяржаўнай для ўсіх савецкіх народаў расійскай мовы. Рэформа 1933 году выкідвала з беларускай мовы каля 30 тыпова беларускіх асаблівасцяў і механічна замяняла іх асаблівасцямі чыста расійскімі, раней невядомымі беларускай мове. Змененыя прынцыпы правапісу прычыняюцца да скажэння беларускага вымаўлення. Набліжэнне беларускай мовы да расійскай і па форме, і на лексіцы, як паказаў шасцідзесяцігадовы вопыт, атрымалася штучным і таму не мае права на жыццё. Сучаснае нацыянальна-культурнае Адраджэнне не ў стане паспяхова рэалізавацца без вяртання нашай мове ўсяго таго сапраўды беларускага, чаго пазбавілі яе ў сумна вядомым 1933 годзе, кіруючыся не якімі-небудзь важкімі лінгвістычнымі, а найперш ідэалагічнымі, сацыяльна-класавымі матывамі. Якія б мы ні рабілі захады на ўмацаванні нацыянальных пачаткаў у нашым жыцці, яно заўжды будзе нетрывалым, неканкурэнтаздольным у кантактах з расійскай нацыяй, пакуль нашай мове максімальна не вернуць гвалтам адабраных адметнасцяў, яе самабытнасть і непаўторнасць. Гістарычны вопыт многіх народаў пераканаўча паказаў, што ступень супраціўлення культурна-моўнай асіміляцыі таго ці іншага этнасу знаходзіцца ў прамой залежнасці ад ступені самабытнасці яго роднай мовы. Прыкладам можа служыць і менш пашкоджаная ад усялякага роду рэфармавання мова суседняга нам украінскага народа, якая не так баіцца ўзаемадачыненняў з расійскай мовай. Наша ж мова, дзякуючы Рэформе 1933 года, мэтанакіраванай шматгадовай дзейнасці саміх калектываў навукова-філалагічных устаноў, рэдакцый газет і часопісаў, выдавецтваў ледзь не ўсутыч набліжана да расійскай, таму нават пры самых малейшых кантактах з апошняй яшчэ больш падпадае над яе ўплыў, губляе сваю самабытнасць, русіфікуецца. Усяго гэтага не было ці было б у зусім нязначных, непагражальных памерах, калі б мы так бязлітасна не разбурылі нацыянальную аснову роднай мовы.
Спіс літаратуры:
1. Васіль Быкаў, ПАХАДЖЕННЕ , Наша ніва 1999 (VostrajaBrama Вільня).
2. Леанід Лыч,РЭФОРМА БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ.
3.Уладзімір Арлоў,СУЧАСНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЯЕ ПРАБЛЕМЫ,Мінск 1994;
4.
5.