Артыкул Знешні выгляд чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа: фізічнае аблічча
УДК 811.161.3’42’373.2:398.92:821.161.3-1/.3*Я.Колас
Н. А. Богдан
ЗНЕШНІ ВЫГЛЯД ЧАЛАВЕКА
Ў ФРАЗЕАЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА: ФІЗІЧНАЕ АБЛІЧЧА
Сучасная лінгвістыка робіць акцэнт на неабходнасці глыбокага шматбаковага вывучэння чалавека і яго шматмернага свету як унікальнага аб’екта пазнання. Упершыню ўбачыўшы чалавека, людзі міжвольна звяртаюць увагу на яго знешнасць, якая, як правіла, адлюстроўвае ўнутраны, маральны свет асобы.
Паняцце знешнасць шырока ўжываецца як у паўсядзённым жыцці, так і ў розных дысцыплінах. Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, знешнасць – гэта ‘вонкавы, знешні выгляд’ [1].
Псіхолагі высветлілі, што ў паняцце знешнасць уваходзяць тры групы элементаў: 1) фізічнае аблічча (формы і рысы твару, прапорцыі фігуры, колер скуры, валасоў, вачэй – усё, што чалавеку даецца ад прыроды); 2) рухі, паставы, жэсты, міміка, інтанацыі голасу (функцыянальныя прыкметы, г.зн. тое, што праяўляецца ў дзеянні); 3) афармленне знешнасці: адзення, абутку, прычоскі і г.д. [2].
Да вывучэння праблемы знешнасці чалавека звяртаюцца і ў культуры. У прыватнасці, С. М. Яроменка адзначае, што сутнасць чалавека і яго індывідуальнасць не вычэрпваюцца толькі ўнутранымі, псіхалагічнымі, духоўнымі пачаткамі, “каб жыць і быць у свеце, чалавек павінен, перш за ўсё, быць увасоблены ў гэтым свеце, займаць у ім пэўную прастору, быць адчувальным, бачным, цялесным. Акрамя розуму, сумлення, доўгу і г.д., у чалавека ёсць плоць, голас, паходка, міміка, жэсты, ён апранае сваё цела ў вопратку, вешае на яго ўпрыгажэнні і г.д.” [3]. Вонкавае аблічча чалавека разглядаецца як знешняя форма існавання і праяўлення ўнутранага, суб’ектыўнага свету чалавека.
Цікавасць выклікае вывучэнне знешняга выгляду чалавека з лінгвакультуралагічнага боку. Так, на аснове тэматычнай класіфікацыі В. М. Тэліі, якая вылучае 16 семантычных палёў (прадметы, час, месца, паводзіны, поле дзейнасці, пачуцці, інтэлектуальны стан, адносіны, уласцівасці асобы паводле фізічных параметраў, уласцівасці характару, характарыстыка асобы па сацыяльнаму становішчу і г.д.) [4], у межах артыкула абраны адзін аспект – уласцівасці асобы паводле фізічных параметраў (памер, вага, кансістэнцыя і г.д.). Звернем увагу на фізічнае аблічча чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа, класіка сусветнай і беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Менавіта фразеалагічныя адзінкі (далей – ФА) вобразна, ёмка, сцісла не толькі і не столькі называюць, колькі характарызуюць, даюць ацэнку, нясуць дадатковую культурную інфармацыю. Дадзенае пытанне ў фразеалогіі яшчэ не атрымала шырокага вывучэння, што і абумовіла наш зварот менавіта да гэтай тэмы.
Мэта нашага артыкула – лінгвакультуралагічны аналіз ФА, якія даюць апісанне і характарыстыку знешняга выгляду чалавека паводле фізічных параметраў. Крыніцай збору ўстойлівых адзінак паслужыў “Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа” [5], дзе сабраны не толькі ідыёмы, але і ФА ў шырокім сэнсе (аўтарскія, індывідуальна-аўтарскія). Аб’ектам даследавання паслужылі толькі тыя ФА, якія характарызуюць знешні выгляд чалавека, у прыватнасці фізічнае аблічча.
Усе выдзеленыя ФА, аб’яднаныя агульным значэннем ‘фізічнае аблічча чалавека’, падзяляюцца ў залежнасці ад таго, што характарызуецца ў фізічным абліччы, на 4 групы: 1) ФА, якія характарызуюць твар чалавека; 2) ФА, якія характарызуюць валасы на галаве чалавека; 3) ФА, якія характарызуюць прапорцыі фігуры; 4) ФА, якія характарызуюць рост чалавека.
1. ФА, якія складаюць першую групу, характарызуюць твар чалавек. Твар вызначаецца як ‘пярэдняя частка галавы чалавека’ [6]. Гэта люстэрка чалавека, яго своеасаблівая “візітная картка”, якая адлюстроўвае яго сімпатыі і антыпатыі, дае рознабаковую інфармацыю пра асобу: яе настрой, эмоцыі, здароўе і г.д. Гэта найбольш індывідуальная частка цела, па якой чалавек ідэнтыфікуецца. Сімволіка твару, як заўважае Т. А. Валодзіна, “у многім судачыняецца з сімволікай галавы, з той толькі розніцай, што твар заўсёды адкрыты, бачны, пярэдні, светлы” [7].
Колер твару чалавека звычайна залежыць ад пэўных абставін і можа змяняцца пад іх уплывам. Твар вельмі выразна выражае такія пачуцці, як збянтэжанасць, хваляванне, сорам, стомленасць, страх. Так, перадаючы эмацыянальны стан чалавека ў адных выпадках на твары праяўляецца румянец, ружовасць (успыхнуць агнём ‘пачырванець ад хвалявання, сораму і г.д.’, кроў прыліла ў твар ‘нехта раптоўна і моцна пачырванеў ад збянтэжанасці’, як макам загарэцца / загарэцца бы мак / макам загарэцца ‘пачырванець ад вялікага хвалявання’, як макаў цвет ‘прыгожа, румяна’), у другіх ён бялее, бляднее (як палатно ‘пабляднелы, збялелы (ад страху, хвалявання і пад.)’, як снег ‘збялелы, без натуральнага румянцу (пра чалавека)’, як труп ‘бледны’) альбо назіраецца шырокі спектр ці розная ступень інтэнсіўнасці супрацілеглай афарбоўкі твару (чырвоны як рак ‘вельмі чырвоны (пра твар)’, да самых вушэй (чырванець) ‘вельмі моцна (чырванець)’, як палатно ‘вельмі моцна (пабялець ад страху і пад.)’, бялей ад палатна ‘вельмі бледны, змораны’, як той папер (пабялець) ‘вельмі моцна (пабялець)’, як смерць ‘вельмі бледны, збялелы’). Менавіта гэты сімптаматычны факт знайшоў сваё адлюстраванне ў адзначаных ФА.
У большасці пералічаных ФА выяўляецца “шматступенчатасць” мысліцельных аперацый і разнастайнасць вобразнага ўяўлення для адлюстравання розных бакоў эмацыянальнага стану чалавека і як вынік змены колеру твару, але пры гэтым яны аб’яднаны рознай ступенню задзейнічання найперш вобраза агню.
Так, у аснове ФА чырвоны як рак выкарыстана асацыяцыя паміж назіраннем за працэсам падрыхтоўкі ракаў да спажывання, калі вараныя або печаныя ракі становяцца чырвонымі, і пакрыццём румянцам, пачырваненнем твару чалавека, які адчувае сорам.: Чырвоны як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп наніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён [..] не мог перанесці [8].
Чырвоны, румяны колер твару чалавека і ў большасці выпадкаў жанчын і дзяўчат у фразеалогіі Якуба Коласа асацыіруецца з колерам кветак, што знайшло адлюстраванне ў выкарыстанай паэтам, напрыклад, ФА як макаў цвет ‘прыгожа, румяна’. Ружа не толькі ўказвае на адпаведны колер, але і сімвалізуе ў беларусаў прыгажосць, дасканаласць, вытанчанасць, асалоду, што выразна назіраецца ў кантэксце: Ідуць па воду маладзіцы, Як макаў цвет гараць іх ліцы [9]. Адзначаная ФА адлюстроўвае не толькі колер твару маладых жанчын, але і іх прыгажосць.
Ад моцнага эмацыянальнага стану ў чалавека ў першую чаргу чырванеюць шчокі, што выразна адлюстроўваецца праз ФА макам загарэцца ‘пачырванець ад вялікага хвалявання’: Як глянула на гэтую фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся [10]. Шчокі чалавека па аналогіі з колерам кветкі мака маюць такую ж афарбоўку, а кампанент ФА загарэліся яшчэ больш павышае насычанасць колеру, перадаючы вобраз агню.
Адчуванне сарамлівасці ў яе высокай ступені праяўлення, што непасрэдным чынам уплывае і на колер твару чалавека, перадае ФА да самых вушэй (чырванець) ‘вельмі моцна (чырванець)’. Асабліва выразна гэта назіраецца ў кантэксце Твар з сораму чырванее да самых вушэй [11] дзякуючы суправаджальнаму да ФА дзеяслову чырванець і аўтарскаму пашырэнню фразеалагічнага складу кампанентам самых. Высокая ступень інтэнсіўнасці ў дадзеным выпадку асацыіруецца з вушамі як максімальным пунктам размяшчэння на твары чалавека.
Іншыя эмоцыі на твары чалавека праяўляюцца па-рознаму. Выражэнне эмоцый страху, спалоху выразна праяўляецца на знешнім выглядзе чалавека. Так, ФА як труп у кантэксце Тадорык апусціў скрыпку і смык, стаяў бледны як труп [12] перадае бледнасць твару спалоханага хлопчыка і выклікае асацыяцыю колеру твару трупа, мёртвага чалавека, у арганізме якога спыняецца крываток.
Вельмі моцна як той папер бялее ад спалоху твар у Сымона: З крыку ён [Сымон] зусім ахрып, Перасохла хлопцу ў роце, І язык яго прыліп, Не мог вымавіць і слоўка, Пабялеў як той папер [13]. Ступень праяўлення колеру ў дадзеным выпадку асацыіруецца з бялюткім колерам паперы (папер – дыялектны варыянт слова) і суправаджаецца дзеясловам пабялеў.
Апісанне знешнасці чалавека немагчыма без разгляду асноўных складнікаў яго твару. Вочы – самая важная частка галавы і твару чалавека, орган зроку, пры дапамозе якога мы атрымліваем большасць інфармацыі аб свеце. У народных уяўленнях вочы ўспрымаюцца як уваход у цела чалавека. Таму невыпадкова іх называюць выразнікам душэўнага стану. У фразеалогіі Якуба Коласа вочы чалавека перадаюцца праз ФА як смоль ‘вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы, вочы)’, як ільняны цвет ‘прыгожы, які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну’.
Так, называючы і характарызуючы колер вачэй чалавека, у фразеалогіі Якуба Коласа выкарыстоўваюцца такія ўстойлівыя адзінкі, у склад якіх уваходзяць назвы раслін або прыродных матэрыялаў. У кантэксце Была яна [Мар’янка] дзяўчына рухавая, з прыгожымі як ільняны цвет вачамі і з чорнымі брывамі [14] ФА як ільняны цвет перадае колер вачэй, іх мяккасць. Пяшчотна-блакітны колер кветачак лёну ў дадзеным выпадку асацыіруецца з колерам вачэй. Вобраз льну абраны невыпадкова, паколькі лён з’яўляецца ўласна беларускай культурай, нашай, а таму і выклікае ў чытача адпаведныя асацыяцыі і станоўчую ацэнку.
Значнай часткай на твары чалавека з’яўляецца лоб, які характарызуе ФА голы як калена ‘роўны, гладкі, аднародны, без ніякіх пабочных прадметаў’, дзе калена асацыіруецца з гладкай паверхняй, на якой амаль адсутнічае валасяное покрыва: За сталом былі мужчыны I стары між імі, [..] лоб высокі, безвалосы, Голы як калена [15]. Аўтар дае некалькі характарыстык лбу мужчыны (высокі, безвалосы), аднак найбольшую вобразнасць нясе выдзеленая ФА.
Адмоўную ацэнку бруду вушэй дае ФА хоць рэпу сей: Бацька не раз гаварыў, глянуўшы на яго вушы: “Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сей!” [16]. У аснове адзначанай устойлівай адзінкі выкарыстана асацыяцыя працэсу пасадкі рэпы ў вільготную чорную глебу з брудам вушэй. Адзначаная ФА не толькі нясе адмоўную ацэнку і выражае негатыўнае стаўленне бацькі да сына з бруднымі вушамі.
На твары чалавека вылучаюць некалькі самастойных зон росту валасоў. Гэта вусы і барада, што ўласцівы мужчынскаму полу. Характарыстыку барадзе даюць ФА збіцца ў лямец ‘зрабіцца шчыльным, тугім, грубым’, як моху касмык ‘скудлачаны, лахматы’. Так, менавіта праз раслінны свет аўтар перадае рэдкі, скудлачаны стан барады: Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы, Вядомы дзівак-жартаўнік [17], дзе праз ФА як моху касмык барада асацыіруецца з пучком моху. Цікавасць выклікае форма вусоў. Іх ацэнка перадаецца аўтарскімі ФА як таракан (узняць вус) ‘тарчма’ і як меч ‘уверх, тарчком, тырчма (падняць)’. Так, у кантэксце Спыніўся Богут, глянуў скоса і раптам вус як меч [18] пісьменнік паказвае пыхлівасць пана перад мужыкамі. А вобраз мяча асацыіруецца ў дадзеным выпадку з формай вусоў.
2. ФА, якія складаюць другую групу, характарызуюць чалавека, даючы найменне галаве з валасамі або без іх. Валасы ‘рагавыя ніткападобныя ўтварэнні’ [19] на галаве чалавека маюць важнае значэнне для характарыстыкі знешняга выгляду асобы. Паводле народных уяўленняў беларусаў, “валасы з’яўляюцца жыццядайным асяродкам, у якім злучаны фізічныя і духоўныя сілы чалавека, і адначасова яны ўяўляюцца самым актыўным каналам энергетычнага сілкавання чалавека ад космасу” [20]. Разам з тым наяўнасць або адсутнасць валасоў на галаве чалавека, іх стан, памер, колер, упарадкаванасць або непрыбранасць служылі “тонкім індыкатарам духоўнага сталення чалавека, дакладным вонкавым маркёрам яго сацыяльнага становішча, сведчылі пра ступень аддаленасці ад першапачатковага прыроднага стану і акультуранасці іх носьбіта” [21].
ФА называюць і характарызуюць наяўнасць або адсутнасць валасоў на галаве чалавека. Так, апісанне колеру валасоў старога чалавека перадаецца ФА сівы як голуб (Вось хоць бы гэты дзед Мікіта. Сівы як голуб. Востры погляд, калючыя вочы, гатовыя пранізаць [22]), дзе колер апярэння птушкі (голуба) асацыіруецца з сівымі валасамі, якія сімвалізуюць жыццёвы вопыт і мудрасць старога чалавека: сівы – стары – мудры.
Насіць валасы кароткія, дагледжаныя для мужчыны з’яўляецца нормай і сведчыць у першую чаргу пра яго акуратнасць. Таму мець на галаве доўгія валасы было парушэннем усякіх нормаў. Невыпадкова Якуб Колас звяртае на гэта сваю ўвагу праз ФА як калена (агаліць): У Нясвіжы лесніка-палешука сустрэў. Валасы доўгія, бы ў папа. Узялі яго ды агалілі як калена [23]. У аснову дадзенай устойлівай адзінкі пакладзены вобраз калена, якое мае гладкую паверхню і на якім амаль адсутнічае валасяное покрыва.
3. ФА, якія складаюць трэцюю групу, характарызуюць прапорцыі фігуры чалавека. Немалаважнае значэнне для характарыстыкі знешняга выгляду чалавека мае форма яго цела, асобных частак. Целасклад чалавека можа залежыць як ад знешніх, так і ад унутраных фактараў. Так, форма цела чалавека, яго фігура перадаецца праз ФА ў супрацьпастаўленні «тоўсты-худы».
Найбольш прадстаўлены ФА са значэннем ‘худы’. Вобраз худога чалавека перадаюць ФА вецер з ног скідае ‘пра худога, змізарнелага, ледзь жывога каго-н.’, з ветру валяцца ‘пра каго-н. змізарнелага, знясіленага, ледзь жывога’, адны косці ‘вельмі худы, змарнелы’, у крук звяло ‘нехта зрабіўся кволым, хваравітым, слабым, худым’, высахнуць у лыка ‘вельмі схуднець, асунуцца, змарнець’, адзін нос тырчыць ‘пра вельмі худога, змарнелага чалавека’, высахнуць у палку / выперыць у палку ‘вельмі схуднець’, ссохнуць у скурат ‘схуднець, моцна пахудзець, стаць худым’, сухі як скурат ‘вельмі худы, схуднелы, моцна пахудзелы’, як таран ‘худы, высахлы’, упасці з цела ‘пахудзець, аслабець’.
Шматлікасць дадзенай групы абумоўлена тым, што худым у творах Якуба Коласа паўстае менавіта беларус, на целасклад якога паўплывалі фізічная праца, матэрыяльнае становішча, здароўе. Так, вобраз худога чалавека перадае ФА адны косці (Голы, босы [мужык], адны косці, а бутэльку гне. З ветру валяецца, а даход дае [24]). У аснове дадзенай устойлівай адзінкі ляжыць зрокавы вобраз адсутнасці тлушчу ў целе чалавека, што звязана са слабым матэрыяльным становішчам, і як вынік гэтага наяўнасць толькі адных касцей, што выразна бачны іншым людзям. Худы чалавек у фразеалогіі Якуба Коласа асацыіруецца і з вобразам палкі, тонкай, выцягнутай, сухой, што паслужыла выкарыстанню ФА высахнуць у палку (Смак жыцця пазнаў на спіне. Высах сам у палку [25]).
І наадварот, вобраз тоўстага чалавека перадаюць ФА загнаць жыр ‘распаўнець, растаўсцець, раздацца’, нагуляць жыру / жырку ‘зрабіцца поўным, тлустым (звычайна ад спакойнага, беззаботнага жыцця)’, як кадзь (тоўсты) / як кадушка ‘поўны, тоўсты, укормлены, сыты’, нагульваць двайны карк ‘рабіцца поўным, тлустым ад спакойнага, добрага жыцця’, кішкі гадаваць ‘таўсцець, нажывацца’, салам абрастаць ‘таўсцець, сыцець’, не бачыць ног за пузам ‘пра тоўстага, ганарлівага чалавека’.
ФА з такім значэннем Якуб Колас характарызуе пераважна чыноўнікаў, перадаючы адмоўнае стаўленне да іх. Так, першым прызнакам паўнаты з’яўляецца наяўнасць у арганізме лішняга тлушчу, што і знайшло адлюстраванне ў ФА, у якой выкарыстоўваецца дыялектны варыянт гэтага слова – жыр ‘тлушч’ [26], сала. Напрыклад: [Адзін салдат:] О, трасца матары і скула ім у бок! Не хочуць міру, Бо нагулялі сабе жыру [27]; [Аслаў:] А тыя, што абдзіраюць народ, на яго бядоце свае кішкі гадуюць ды салам абрастаюць [28].
У кантэксце У пакоі за сталом сядзелі нейкі чыноўнік родам з Панямоні па прозвішчу Булах, маці Базыля, нізенькая і тоўстая як кадушка, дзве сястры Смаленскія і Кашчэева дачка Аксана [29] ступень паўнаты перадае ФА як кадушка. У аснове дадзенай адзінкі выкарыстана асацыяцыя паміж назіраннем, ведамі пра кадушку ‘вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ [30] і целаскладам маці Базыля, што і абумовіла ўжыванне паэтам менавіта гэтай ФА.
4. ФА, якія складаюць чацвёртую групу, характарызуюць рост чалавека. Важным складнікам знешняга выгляду чалавека з’яўляецца яго рост – ‘вышыня чалавека або жывёлы’ [31]. Рост чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа перадаецца ў супрацьпастаўленні «высокі-нізкі». Выразным сродкам характарыстыкі высокага росту чалавека з’яўляюцца ФА як ясень ‘высокі, стройны’, доўгі як шнур ‘высокі ростам’, як цапільна ‘высокі’, а нізкага – з вузел ‘вельмі малы, невысокі’.
Паказваючы чалавека высокага росту, аўтар ужывае ФА, у аснове якіх ляжаць вобразы расліннага і матэрыяльнага свету, што асацыіруюцца з вертыкальнай лініяй, з даўжынёй. Якуб Колас з дапамогай ФА як ясень высокі перадае не толькі высокі рост хлопчыка, але і яго стройнасць, якая асацыіруецца з ясенем, дрэвам высокім і гонкім: Ой, вырасцеш, сынку, За паўчварта году Як ясень высокі [32]. Чалавеку даецца станоўчая ацэнка, што звязана з добрымі адносінамі да ясеня ў народзе.
У кантэксце Цябе б паставіць на месца капца, то не так скора выцягнулі б, бо ты доўгі як шнур, − адсекся ляснік ужо здалёк [33] або Скажы, брат, − пытаўся адзін худы, высокі як цапільна галадранскі селянін, гаворачы “брат” усёй грамадзе, − што гэта за чалавек. Пэўна, сіцыліст! [34] мастак слова высокі рост чалавека перадае праз выдзеленыя ФА, кампаненты якіх абазначаюць прадметы быту, што па форме нагадваюць доўгую прамую лінію, шнур або цапільна, якое яшчэ і целяпаецца. Менавіта з дапамогай гэтых вобразаў, абраных з назіранняў, даецца адмоўная ацэнка высокаму росту чалавека.
І наадварот, характарыстыка нізкага росту назіраецца толькі ў адзінкавым выпадку: А сам дарэктар, з вузел ростам [..] Стаяў, як бы яго прыгнулі, Такім мізэрным і маўклівым, У халаце суконным, сівым [35]. Так, ФА з вузел указвае не толькі на малы рост хлопчыка, але і яго ўзрост. У аснове дадзенай адзінкі пакладзены вобраз маленькага завязанага вузялка, зацягнутай пятлі на чым-небудзь.
Такім чынам, знешні выгляд чалавека, у прыватнасці, фізічнае аблічча ў фразеалогіі Якуба Коласа перадаецца паводле чатырох паказчыкаў (твар, валасы, целасклад, рост), на аснове якіх вылучаны адпаведна 4 групы. Праз абраныя кампаненты, вобразы ўстойлівых адзінак Якуб Колас апісвае знешні выгляд чалавека і выкарыстоўвае пры гэтым толькі тыя ФА, якія выклікаюць у нашым уяўленні пэўныя асацыяцыі і ўплываюць на ацэнку. Найбольш выразна гэта праяўляецца праз вобразы расліннага (мак, ружа, лён, ясень), птушынага (голуб) і матэрыяльнага свету (цапільна, шнур, палка, кадушка), што абумоўлівае выкарыстанне пераважна кампаратыўных фразеалагізмаў, у якіх перадаецца спосаб бачання чалавекам свету, яго ўсведамленне праз устанаўленне рыс падабенства паміж вядомым, канкрэтным (кветкі, дрэвы, рэчы) і невядомым, абстрактным (твар, валасы, прапорцыі, рост).
Літаратура
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т., 6 кн. – Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыкл., 1978. – Т. 2: Г–К. – С. 503.
Немов, Р. С. Психология / Р. С. Немов. – М.: Владос, 2001. – С. 105.
Яременко, С. Н. Внешность человека в культуре: автореф. дис. … д-ра филос. наук: 24.00.01 / С. Н. Яременко; Дон. гос. тех. ун-т. – Ростов н/Дону, 1997. – С. 4.
Телия, В. Н. Русская фразеология. Семантический, прагматический и лингвокультурологический аспекты / В. Н. Телия. – М.: Школа «Языки русской культуры», 1996. – С. 154-176.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А. С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А. С. Аксамітава. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 655 с.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – 1982. – Т. 5. Кн. 1: С–У. – С. 488.
Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выд., дап. – Мінск: Беларусь, 2006. – С. 504.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 442-443.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 599.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 318.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 105.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 569.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 394.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 599.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 227.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 471.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 342.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 335.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – 1977. – Т. 1: А–В. – С. 503.
Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. – С. 62.
Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. – С. 63.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 133.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 227.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 261.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 384.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 4: К – Каята / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. В. JI. Авілава [і інш.]; рэд. Г. А. Цыхун. – Мінск: Беларус. навука, 1988. – С. 265.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 192.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 475.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 223.
Арашонкава, Г. У. Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа / Г. У. Арашонкава, Н. А. Чабатар; навук. рэд. А. І. Падлужны. – Мінск: Бел. навука, 2003. – С. 30.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – 1980. – Т. 4: П–Р. – С. 716.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 654.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 636.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 598.
Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа. – С. 101.
УДК 811.161.3’42’373.2:398.92:821.161.3-1/.3*Я.Колас
Богдан Н. А. Знешні выгляд чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа: фізічнае аблічча // Беларуская лінгвістыка. 2015. Вып. 74.
В статье впервые проведен лингвокультурологический анализ фразеологических единиц, использованных в произведениях Якуба Коласа, с помощью которых дается описание внешнего вида человека по физическим параметрам: лицо, волосы, телосложение, рост. Устанавливается взаимодействие и взаимосвязь устойчивых единиц и образов, вызывающих определенные ассоциации, оценки, роль компаративных фразеологизмов, в которых передается способ видения человеком мира, его осознание через определение черт сходства между известным, конкретным и неизвестным, обстрактным.
Библиогр. – 11 назв.
SUMMARY
This article was first held lingvokulturologicheskij analysis of phraseological units used in the works of Yakub Kolas, by which describes the appearance of a man on the physical parameters: face, hair, body type, height. Set the interaction and the relationship of stable units and images that cause certain associations, assess the role of comparative phraseology, which carry the human way of seeing the world, his awareness through the definition of similarities between the known and the unknown particular, obstraktnym.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны19.06.2015 г.