Прэзентацыя дзейнасці метадычнага абяднання


Прэзентацыя дзейнасці метадычнага аб’яднання
Фонавая музыка – 1
Прохарава А.Н.
Настаўнік − прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі – ад настаўніка…
Мы ведаем пра гэта. І таму ўся наша праца ды і ўсё наша жыццё празмерна адказныя перад Богам і перад людзьмі.
Яшчэ старажытныя грэкі казалі: “Калі кравец дрэнны – то людзі будуць проста дрэнна апранутыя, але калі ў грамадстве будзе дрэнны настаўнік – то вырастуць пакаленні неадукаваных і нявыхаваных людзей”.
Не мы выбралі сваю прафесію – прафесія абрала нас… І таму мы стараемся паспяваць усюды: нашаму метадычнаму аб’яднанню належыць вялікая колькасць дыпломаў гарадскога ўзроўню першай і другой ступені ў даследчай дзейнасці, нашы вучні – шматразовыя пераможцы Рэспубліканскага фестывалю школьнікаў і навучэнскай моладзі “Дзень Зямлі”, гарадскога літаратурнага конкурсу “Зорачкі Прыдзвіння”, неаднаразовыя пераможцы гарадскога і абласнога этапаў конкурсу “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, пераможцы гарадскога і абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за здаровы лад жыцця”. Вучні адзначаны дыпломамі гарадскога этапу алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, узнагароджаны прызамі пераможцаў рэспубліканскай гульні-конкурсу “Буслік”, з’яўляюцца пераможцамі конкурсу сацыяльных праектаў “Мая сям’я”. Шматлікія творчыя працы друкаваліся ў гарадскіх перыядычных выданнях.
Ніводзін конкурс літаратурнай творчасці не абыходзіцца без нашага ўдзелу. І як вынік гэтага – выданне ў нашай школе альманаха дзіцячай і настаўніцкай творчасці “Кропля”.
Настаўнікі нашага аб’яднання друкуюцца не толькі ў навукова-метадычным часопісе “Беларуская мова і літаратура”, але і ў часопісе “Здаровы лад жыцця”.
Настаўнік – гэта вучань, навечна выкліканы да дошкі, бо нам жыццё падаравала такую прафесію, якая прымушае мысліць творча і нестандартна.
Таму настаўнікі нашага метадычнага аб’яднання самі пішуць вершы, з’яўляюцца ўдзельнікамі педагагічных чытанняў, семінараў, творчых конкурсаў, канферэнцый, паседжанняў. Ніводнае значнае мерапрыемства не абыходзіцца без нашага ўдзелу. Мы можам быць у складзе творчай групы і да юбілею школы, і гарадскога конкурсу “Дзеці – гэта наша ўсё”, можам напісаць сцэнар для ІТ-візітоўкі і паўдзельнічаць у шматлікіх іншых праектах, бо мы памятаем, што выхоўваць можна і ўласным прыкладам, у тым ліку і сваёй любоўю да беларускай мовы, літаратуры і культуры ўвогуле.
А яшчэ мы ўмеем сябраваць. Упэўнены, што гэта таксама дар, які ад нас могуць пераняць нашы вучні.
Наша задача заключаецца не ў тым, каб нашпігаваць сваіх выхаванцаў інфармацыяй, а ў тым, каб падрыхтаваць іх да жыцця, максімальна садзейнічаць самавыражэнню асобы, спрыяць сацыяльнай мабільнасці.
Раней заўсёды здымалі капялюш перад настаўнікам, святаром і ўрачом. Хочацца верыць, што гэта добрая традыцыя будзе адноўлена.
Кастрычнік у нашай школе – гэта час дэкады беларускай мовы і літаратуры. Сапраўды, ён быў насычаны на падзеі і мерапрыемствы: праца тэматычных відэасалонаў, конкурсаў і выстаў, цікавых сустрэч і падарожжаў.
Фінальным акордам стала, канечне ж, мерапрыемства “Маці, матуля, матулечка…”. Напярэдадні імпрэзы мы бралі інтэрв’ю ў насельнікаў школы, разважалі пра сям’ю і шчасце.
Сярод іншых было і невялічкае інтэрв’ю нашай вучаніцы-выпускніцы, Калінінай Дар’і… Мне хацелася б з вамі падзяліцца…
Калініна Дар’я (вучаніца 11 “А” класа):
Я шчаслівая… У мяне цудоўная сям’я… Я люблю – любяць мяне…
Але зразумець гэта спаўна я змагла не адразу. Любіць і берагчы, цаніць і паважаць, быць памятлівай і ўдзячнай мяне вучылі доўгія гады… І не толькі бацькі… Я ведаю, чым сапраўды варта ў жыцці даражыць…
Фонавая музыка – 2
Прохарава А.Н.
А я веру, што мы вучым сваіх дзяцей самаму важнаму…
(выходзіць Прохараў Максім, чытае верш)
Сынок і маці
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці – зерне і ралля.
Сынок і Маці – мудрая ікона.

I спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны, пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч,
Прыслухайся да сцішанага слова.
З кароткіх, як само жыццё, сустрэч
Саткана іх нявечная размова.
Яўгенія Янішчыц
(выходзіць Прохарава А.Н., чытае верш-адказ, міні-сценіраванне)
На ўсякі выпадак...
Сын, як заўсёды,
Акуратна рабі урокі:
Дысцыпліна – харошая якасць
Не толькі поспеху ў школе.
Сынок, як і ўчора,
Паслужы няўцешным суседзям,
Адзіны сын у каторых
Нечакана загінуў ад кулі
На суровым полі заслоны!
Сыночак, чэсна, бы ўчора,
Прынось грашовую здачу
З прадуктовага магазіна.
Ды, на ўсякі выпадак,
Умей даць здачы подласці і няпраўдзе!
I яшчэ: будзь прывязан,
Як можаш, да верных сяброў па сэрцу
(Не дай табе божа мяняць іх на новых!),
Бо можа так здарыцца,
Што заўтра – не выйду табе насустрэчу.
Мама.
Яўгенія Янішчыц
Фонавая музыка – 3
Лядзінская Г.Б.
Сям’я… Як гэта важна для кожнага чалавека. Спагада, дабрыня, чулась – усе гэтыя якасці нараджаюцца ў нас менавіта там, у сям’і. Я ўдзячна сваім бацькам, што жыву на гэтым свеце, што атрымала ад іх любоў і цеплыню. Іншы раз думаю, а што было б, каб я не нарадзілася. І на гэта ў мяне ёсць свае падставы…
У 1943 годзе мая бабуля была цяжарная, чакала сына, майго бацьку. Карнікі спалілі вёску, яе выгналі на мароз босаю… Але цудам яна засталася жыць.
Волечка, міленькая, як бы ні было табе цяжка, захавай жыццё нашаму сыночку. Зрабі ўсё магчымае і немагчымае, каб ён жыў! А я свайго жыцця не пашкадую, каб знішчыць гэтых вылюдкаў, – прасіў мой дзядуля, адыходзячы ў партызаны.
Шаўня Антон (вучань 9 “А” класа):
А я ўжо чуў гэту гісторыю. Галіна Баляслаўна неаднаразова на ўроках беларускай літаратуры, калі мы гаварылі пра дзікунствы вайны, расказвала пра сваіх родных. І сям’я маёй настаўніцы стала мне блізкай. Я вырашыў, што такую гісторыю абмінуць нельга. Так і з’явілася наша даследчая праца – “Я з вогненнай вёскі”.
Фонавая музыка – 4
(вучань зачытвае ўрывак з даследчай працы)
“Аднойчы карнікі акружылі дом Лаўрыновічаў. Бацька Вікенція, Ігнат, не паспеў нават добра апрануцца.
Дзе твой сын? Калі ён прыходзіць дадому? Дзе партызаны? – крычаў паліцай.
Але маўчаў Лаўрыновіч-старэйшы. Збітага, у драўляных чаравіках ганялі яго па марозе, а потым прывязалі да каня і пацягнулі. Па снезе за ім цягнуўся крывавы след. Такім бачылі аднавяскоўцы Ігната Лаўрыновіча ў апошні раз. Мужны патрыёт загінуў ад рук нямецкіх катаў”.
Фонавая музыка – 5
Прохарава А.Н.
Колькі песень недапелі нашы матулі… А колькі намі не сказана ім самых цёплых і шчырых слоў.
І мы павінны як настаўнікі зрабіць так, каб нашы дзеці, нашы вучні сказалі гэтыя словы не заўтра, не потым, а сёння, цяпер…
(выконваецца песня “Мамін голас” без інтрументальнага суправаджэння)
Птушкамі мы пакідаем свой дом.
Шчасце шукаем, надзеяй жывём.
На чужыне сумныя дні,
Мама, без тваёй цеплыні...
Прыпеў:
Мамін голас, мамін голас –
Жменька ласкавых слоў.
Мамін голас, мамін голасКліча з дальніх шляхоўНас, дачок і сыноў,
Мамін голас кліча вечна дамоў.
Рукі твае я ў сваіх саграю.
Помню спагаду і ласку тваю,
Песню долі благаславі…
Мамін голас – голас любві.
Прыпеў: