Канспект урока па беларускай мове на тэму Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі


Урок беларускай мовы ў 2 класе.
Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі
Мэта: Фарміраваць уменне адрозніваць мяккія і цвёрдыя зычныя гукі ў слове і абазначаць мяккасць зычных на пісьме; удасканальваць маўленчыя навыкі.
Абсталяванне: падручнік па беларускай мове, пісьмо ад Вожыка (з мультфільма “Смяшарыкі”), картачкі з заданнямі.
Ход урока
Арганізацыйны момант (1 хвіліна)
Весела гучыць званок. 
Яго голас вам знаёмы.
Запрашаю на ўрок 
Беларускай мовы!
Каб пасля ўрока ў вас засталося ў памяці як мага больш і на ўсё жыццё ведаў, да яго трэба вельмі добра падрыхтавацца: не толькі дастаць падручнік, сшытак, пенал з ручкамі і алоўкамі, але і падрыхтавацца эмацыянальна. Для гэтага станьце ў кружок, вазьміцеся за рукі і ўявіце, якімі вы будзеце ўважлівымі, актыўнымі і адказнымі на ўроку, і адпраўце адзін аднаму, паціснаўшы далоні, часцінку свайго цяпла і дабрыні.
Сядайце на месцы.
Праверка дамашняга задання (2 хвіліны)
С.70 пр. 151
За асінкай, за вярбою
восень – рыжаю лісою.
Пахне жытам і раллёю (й)
перад новаю сяўбою (й).
Чаму ў гэтых словах літара ю абазначае 2 гукі? (Яна пішацца пасля галосных.)
Хто з вас успомніць, калі літары е, ё, ю, я абазначаюць 2 гукі? (У пачатку слова, пасля галосных, пасля апострафа і пасля раздзяляльнага мяккага знака.)
Актуалізацыя ведаў (4 хвіліны)
Дзеці, сёння я атрымала ліст ад нашага старага знаёмага. Адгадайце, ад каго? Ён вельмі часта нам пісаў у мінулым годзе. (Ад Вожыка.)
Без вас я не хацела яго чытаць, каб вы не пакрыўдзіліся на мяне. Вожык жа – наш агульны сябар.
Пісьмо:
Прывітанне, мае даражэнькія першакласнікі!!! Ой, што я пішу? Мае даражэнькія другакласнікі! Вы, напэйна, думаеце, што я забыўся пра вас. Але гэта не так. Мне проста не было часу напісаць вам раней. Я ўсё лета і амаль усю восень спрачаўся са сваім сябрам Карычам, які ніколі не верыць у тое, што вы самыя разумныя, кемлівыя, здольныя дзеці. А на мінулым тыдні ён увогуле сказаў, што вы нічога не ведаеце і нічагусенькі не памятаеце з першага класа. А я яму казаў, што вы ўсё-усё памятаеце, ведаеце і нават больш, чым ён сабе думае. Мы, нават, паспрачаліся па гэтай прычыне. Каб вызначыць, хто з нас гаворыць праўду, ён прапанаваў вам выканаць адно заданне. Калі вы справіцеся, то ён мне падорыць планшэт, а калі не, то планшэт прыйдзецца падарыць яму.
Я веру, што вы ў мяне самыя-самыя, і жадаю вам поспехаў у выкананні задання ад Карыча!!!
Ваш найлепшы сябар Вожык
Заданне ад Карыча:
Адкажыце на пытанні:
На якія дзве вялікія групы падзяляюцца ўсе гукі? (Галосныя і зычныя.)
Чым адрозніваюцца зычныя гукі ад галосных? (Галосныя можна праспяваць, а зычныя нельга; галосныя ўтвараюць склад, а зычныя не.)
На якія групкі можна раздзяліць зычныя гукі? (Цвёрдыя і мяккія.)
Над першай літарай кожнага слова напішыце гук, які яна абазначае:
[ ] [ ] [ ] [ ] [ ] [ ] [ ] [ ] [ ] [ ]
воз – вёз, лук – люк, нос – нёс, пара – пяро, кран – кіно.
Як вы думаеце, што пры дапамозе гэтага задання хацеў праверыць Карыч? (Ці ўмеем вызначаць мяккія і цвёрдыя зычныя.)
Новы матэрыял (10 хвіліны)
Адкрыце падручнікі на с. 70 і самастойна прачытайце правіла (1 падрыхтаваны вучань чытае ўслых). Ці правільна вы адказалі на адно з пытанняў Карыча? (Так.)
Фізкультхвілінка
Разгледзьце ўважліва малюнак на с. 71 пр. 153. Раскажыце, якімі літарамі на пісьме абазначаюцца зычныя гукі, якія літары дапамагаюць зычны зрабіць цвёрдым, а якія іх робяць ласкавымі і мяккімі? (Адказы дзяцей.)
Работа над правілам (3 хвіліны)
Прачытайце правіла на с. 71. (Чытаюць 3 падрыхтавных дзяцей.)
Давайце праверым, як вы запомнілі правіла. (Запісваецца першая літара кожнага слова правіла. 2 чалавека прагаворваюць гэта првіла. Потым убіраецца па адной літары, а првіла прагаворваееца цалкам. )
Замацаванне (15 хвілін)
Падрыхтуем пальчыкі для работы:
Пеўнік раніцай прачнуўся, (далонь угару, указальны палец абапіраецца на вялікі, астатнія расстаўлены ўгару).
І да сонца павярнуўся.
(Пакруціць кісцю рукі ў розныя бакі).
Кукарэкнуў раз, два, тры!
( Разводзіць і зводзіць указальны і вялікі палец).
Ты сягоння не праспі.
Адкрыце сшытачкі і запішыце дату, словы “Класная работа”.
Хвілінка чыстапісання
яр ёк сн ца
Адкрыце с. 72 пр. 154 (Вызываецца 1 вучань на слова да дошкі, астатнія на месцы. Робіцца гукавы аналіз слова.)
Восень, бярозка, дзянёк, нябесны, раніца, любіць.
На гэтай жа старонцы самастойна выканайце пр. 155. Рад каля акна спішыце першы сказ, а рад каля сцяны – другі сказ. У сваіх сказах знайдзіце словы, якія адрозніваюцца адным гукам. Простым алоўкам падкрэсліце гэтыя словы.
Вынікі ўрока (4 хвіліны)
Гульня “Высокі - маленькі”. (Я буду называць словы. Калі першы гук у іх мяккі – вы прысядаеце, калі цвёрды – стаіце на месцы.)
Словы для гульні: мёд, кот, слон, месяц, санкі, кірмаш, кіёк, люк, стук, сонца, аконца.
Гульня “Рэдактар” (На дошцы над літарамі запісаны гукі. Трэба праверыць, ці ўсе гукі вызначаны правільна. )
Словы для гульні:
[в,] [ц] [к] [р] [м,] [к,][л] [дз] [н,] [с] [б,] [н,]
вецер, камар, самавар, ключ, дзень, сябар, вучні
Дамашняе заданне (3 хвіліны)
Паглядзіце на пр. 156 на с. 72. Прачытайце, што ў ім неабходна зрабіць. Калі ўсё зразумела запішыце дамашняе заданне ў дзённікі.
Рэфлексія (2 хвіліны)
Якія вы ўсе сёння малайцы! Асабліва добра працавалі (імёны дзяцей). А (імёны дзяцей) падвучаць дома правілы і таксама будуць спраўляцца з любымі заданнямі.
Успомніце, як мы разам працавалі на ўроку, якія мы веды паказалі і скажыце, хто ж каму павінен купіць планшэт. Наш сябар Вожык Карычу, ці ўсё ж такі мы малайцы, і карыч купіць планшэт для нашага Вожыка? (Карыч для Вожыка)
Станьце каля сваіх парт. Крышачку прысядзьце тыя, у каго былі цяжкасці пры выкананні заданняў толькі ў пачатку ўрока, а ў канцы ўсё было зразумела.
Цалкам прысядзьце тыя, хто за цэлы ўрок так і не зразумеў, калі і дзе зычныя мяккія, а калі і дзе цвёрдыя.

Падрыхтавала настаўніца 2 класа
Сівіцкая Н.П.