Урок па беларускай літаратуры А. Куляшоў. Маці


Вывучэнне балады Аркадзя Куляшова “Маці”
Мэты: зацікавіць вучняў асобай А.Куляшова-паэта, паглыбіць паняцце пра баладу, спрыяць свядомаму засваенню зместу твора, паказаць яго антываенную накіраванасць; развіваць уменне суадносіць літаратурны твор з іншымі творамі мастацтва і фальклорам, удасканальваць навыкі аналізу паэтычнага твора, выразнага чытання, вуснага маналагічнага маўлення; выхоўваць пачуццё любові і павагі да самага роднага чалавека – маці, негатыўныя адносіны да вайны як сацыяльнай з’явы.
Адукацыйныя задачы: уменне бачыць за словамі мастацкі вобраз і сімволіку, засваенне маральных паняццяў “самаахвярнасць”, “духоўная моц”; узбагачэнне ўяўленняў пра кампазіцыйную будову твора, падпарадкаванне кампазіцыі, вобразаў і выяўленчых сродкаў аўтарскай задуме.
Тып урока – камбінаваны
Метады засваення матэрыялу: праблемны, творча-пошукавы.
Формы работы: індывідуальная і калектыўная.
Міжпрадметныя сувязі: айчынная і сусветная мастацкая культура (музыка, жывапіс).
Абсталяванне: партрэт А.Куляшова; рэпрадукцыі карцін (І.Давідовіч “Маці”, М.Савіцкі “Мадонна”, “Партызаны”, Г.Коржаў “Маці”, Г.Вашчанка “Непакорныя”, А.Марачкін “Маці”, фотаздымак манумента маці-патрыётцы А.Ф.Купрыянавай у г. Жодзіна), фанаграма песні “Балада пра маці” (муз. І.Лучанка, сл. А.Куляшова) у выкананні ансамбля “Песняры”, для рэфлексіі: плакат з малюнкамі груды камянёў, грошай, храма; фішкі.
Эпіграф:
Перад сэрцам матулі, перад марай матулі
Спарахнелі варожыя бомбы і кулі,
Нібы ветрам, развеяла лютую зграю,
Тую сілу варожую, што гразілася краю.
Кастусь Кірэенка

Ход урока
І. Арганізацыйны момант
ІІ. Уступнае слова настаўніка
Гаворка на сённяшнім уроку пойдзе пра вобраз, якога не мінуў у сваёй творчасці ні адзін значны пісьменнік, мастак, скульптар, паэт. Гэта вобраз – увасабленне дабрыні, самаахвярнасці, бескарыслівасці. Ён называецца кароткім, але вельмі дарагім для чалавека словам – маці.
Маці – самы дарагі ў свеце чалавек. Ніхто не можа так шчыра любіць, як маці. Ніхто, як маці, не ўмее так цярпець і ахвяраваць сабою. Адразу ўспамінаецца старадаўняя прытча пра юнака, які ў ахвяру жорсткай і хцівай каханцы прынёс матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся аб камень і застагнаў. “Ой, табе ж баліць, сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка!” – прашаптала чулае матчына сэрца. Кожная сынава драпіна аддавалася ў матчыным сэрцы з нясцерпным болем, гора і няўдачы дзіцяці станавіліся яе горам і пакутамі.
Аб самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад небяснекі ў беларускай літаратуры створана шмат твораў, адзін з іх – балада А. Куляшова “Маці”, напісаная ў 1943 годзе.
На ўроку мы пазнаёмімся з творчасцю А. Куляшова, прааналізуем баладу “Маці”, параўнаем яе з іншымі творамі мастацтва. Спадзяюся, што ў вас з’явіцца жаданне пазнаёміцца з яго паэзіяй больш падрабязна.
У сшыткі вучні запісваюць дату і тэму ўрока.
ІІІ. Праца па тэме ўрока
Узнаўленне ведаў пра асобу А. Куляшова. Франтальнае апытванне:
Што вы даведаліся пра дзяцінства паэта?
Раскажыце пра пачатак літаратурнай дзейнасці паэта? Што гэта быў за час?
Раскажыце пра ўдзел паэта ў Вялікай Айчыннай вайне.
А цяпер уважліва паслухаем твор (чытанне балады настаўнікам, затым вучні чытаюць самастойна, потым уголас).
Работа над тэкстам. Балада як жанр. Цэнтральны вобраз твора.
Першаснае ўспрыманне балады.
Ці спадабалася вам балада? Якія думкі і пачуцці ўзбудзіла? Над чым прымусіла задумацца? Выкажыце свае ўражанні.
Які настрой гэтага вершаванага твора? (сумны, журботны.)
Паспрабуйце сфармуляваць, што такое балада. (Пры дапамозе “Альтэрнатыўнага тэста”).
Прыём “Аальтэрнатыўны тэст” (на картках надрукаваны ланцужок правільных і памылковых сцвярджэнняў, з якіх вучні выберуць толькі тыя, што адпавядаюць сапраўднасці).
Затым вучням прапануецца адгарнуць падручнік на с. 291 і прачытаць азначэнне літаратурнага тэрміна “балада”
Што характэрна для балады як жанру літаратуры? (Наяўнасць сюжэта, драматызм і напружанасць дзеяння, трагічная развязка, паэтызацыя гераічнай асобы, наяўнасць мастацкіх сродкаў.)
У чым блізкасць балады “Маці” да фальклору? Падмацуйце свае меркаванні прыкладамі з тэксту. (Аўтар выкарыстоўвае фальклорныя вобразы вярбы, дарогі, каменя, трайны праклён.)
Які фальклорны жанр нагадвае балада “Маці”? Падмацуйце свае меркаванні ўрыўкамі з тэксту. (Легенду або казку: размаўляе дарога, камень становіцца зямлёй, а маці каменем, трайны праклён, фальклорны вобраз вярбы; своеасаблівая варажба на зярнятах.)
Аснову балады складае размова маці з дарогай і каменем. Давайце зачытаем гэтыя радкі.
Што можна сказаць пра цэнтральны вобраз балады – маці? Якой яна паўстае ў гэтых дыялогах? Якімі эпітэтамі надзяляе яе аўтар? (Маці любіць свайго сына, хоча, каб ён вярнуйся дадому; працаўніца, суровая, стрыманая, цярплівая, самаахвярная, духоўная моц.)
Што робіць маці для таго, каб “сына праводзіўшы з хаты”, дачакацца яго прыходу? (На шчасце і ўдачу пасеяла зярняты.)
Якія ўчынкі маці гавораць пра яе самаахвярную любоў да сына? Выкажыце свае адносіны да гераіні. (Маці ахвяравала сваім жыццём – ператварылася ў камень, а камень стаў зямлёю, каб прараслі зярняты і сын вярнуўся дадому.)
Творчая работа. Складанне верша-сінквейна.
Як вы лічыце, на каго або на што паэт ускладвае адказнасць за пакуты маці? (На чужынцаў, на вайну ўвогуле.)
Балада “Маці” была напісана ў 1943 годзе. Як у творы выявіўся гэты час? (Бяда і гора апанавалі зямлю: чужынцы закацілі з-за Буга на нашу зямлю чужы і маўклівы камень, які не дазваляе маці дачакацца сына.)
Чаму зярняты, пасеяныя маці, два гады не маглі прарасці на камені? (Праз два гады скончыцца вайна, і сын “са славаю прыйдзе з паходу”.)
Паразважайце, на каго маці ўскладвае адказнасць за людское гора, каго абвінавачвае ў сваіх пакутах. (На вайну, заваёўнікаў.)
Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “вайна”?
Паспрабуем наша ўспрыманне вайны, адносіны да яе абагуліць у вельмі кароткім, лаканічным запісе. Мы напішам верш-сінквейн на тэму “Вайна”. (Вучні складаюць сінквейны, зачытваюць свае запісы.)
Фізкультхвілінка
Работа над тэкстам. Тэма, ідэя, сімволіка балады.
Чытанне твора вучнямі.
Паспрабуем вызначыць тэму і ідэю балады. Зрабіце кароткі запіс у табліцу. (Тэма – цяжкае, пакутлівае чаканне сына з вайны; ідэя – непераможнасць мацярынскага сэрца, душы, яе самаахвярнасць, гатоўнасць у любы момант засланіць сваё дзіця ад бяды і небяспекі.)
Звярніце ўвагу на эпіграф да нашага ўрока. (Настаўнік або вучань зачытвае эпіграф.) Як вы разумеееце гэтыя словы? (Вучні даюць тлумачэнні.)
Балада А.Куляшова – твор антываенны. Але аўтар ні разу не ўжывае слова “вайна”. Якімі словамі аўтар замяніў яго і чаму? (Бітва крывавая, паход. Балада “Маці” блізкая да фальклорных твораў, а слова “вайна” не характэрна народнай творчасці; словы-замены больш эмацыянальна выразныя.)
А што зрабіла маці, каб сын хутчэй вярнуўся дадому? (Пасеяла зярняты.)
Сімвалам чаго ў вершы з’яўляюцца зярняты? (Жыцця.)
Камень – таксама сімвал. Што ён сімвалізуе? (Пакуты маці, гора, бяду; вайну, варожую сілу.)
Што або хто ў вершы супрацьпастаўлены каменю? (Матчына любоў, яе сэрца, самаахвярнасць.)
Нездарма ў народзе гавораць: “Што наймягчэйшае ў свеце?” – “Сэрца маці”. – “Што можа быць цвярдзейшае за камень?” – “Сэрца маці”. Менавіта мацярынская любоў давала сілы юнакам выстаяць у неймаверна жудасных умовах вайны.
Групавая работа над кампазіцыйнай будовай твора
Настаўнік. Мы гаварылі аб тым, што асаблівасцю балады з’яўляецца наяўнасць сюжэта. Давайце разам паспрабуем вызначыць кампазіцыйныя часткі твора.
І частка – завязка (маці выпраўляе сына на вайну: “На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты…”)
ІІ, ІІІ часткі – развіццё дзеяння (маці робіць усё, каб прараслі зярняты: “Дарэмна ўздыхала…”; размова з дарогай, просьба ўлашчыць камень: “Пачуй мае словы…”)
IV частка – кульмінацыя (маці праклінае камень, які становіцца зямлёй: “Цяпер я крывёю сваёю цябе праклінаю…”)
V частка – развязка (сын вяртаецца дадому: “На камні былым пры дарозе…”)
Або: IV частка – кульмінацыя і развязка, а V – эпілог.
Работа над тэкстам. Выяўленчае майстэрства паэта.
Каб узмацніць выразнасць балады, аўтар ужывае мастацка-выяўленчыя сродкі. Знайдзіце і назавіце іх. (Вучні называюць эпітэты, метафару, параўнанні, гіпербалу, інверсію і заносяць кароткія запісы ў табліцу.)
Як вы разумееце наступныя выразы з тэксту: “два леты кіпелі на ім яны, як на патэльні…”, “не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі…”, “стаў камень зямлёю, сама ж яна каменем стала…”?
Групавая работа. Супастаўленне балады з творамі жывапісу і крылатымі словамі.
Уважліва разгледзьце рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакаў (змешчаны на дошцы). Якую б вы выбралі з іх у якасці ілюстрацыі да балады? Агрунтуйце свой выбар.
Праблемы, узнятыя А.Куляшовым, хвалявалі і хвалююць кожнага чалавека на зямлі, дзе б ён не жыў. Усе гэтыя выказванні вядомых людзей блізкія да нашай размовы. Але усё ж паспрабуйце вырашыць, якое па сваёй ідэі, сутнасці найбольш сугучнае з баладай. Пракаменціруйце свой выбар.
Вайна – гэта перш за ўсё расстанне (Агнія Барто).
Праславім у свеце жанчыну-маці – адзіную сілу, перад якою пакорна схіляецца смерць (Максім Горкі).
Мамы не стала – не стала Радзімы… (Рыгор Барадулін).
Шмат у свеце сіл вялікіх, але мацней за сэрца Маці няма ў прыродзе нічога (Сафокл).
Бог не можа клапаціцца аб кожным, таму ён прыдумаў Маці (усходняя мудрасць).
Індывідуальная творчая работа. Складанне верша-сінквейна. Параўнальны аналіз.
Спадзяюся, што ў вас склалася пэўнае ўражанне пра галоўную гераіню балады – маці. Прапаную напісаць яшчэ адзін сінквейн. Тэма яго “Маці”. (Вучні складаюць сінквейны.)
Параўнайце сінквейн “Вайна” з сінквейнам “Маці”. Што вы заўважылі? Ці можна сказаць, што яны антанімічныя?
Групавая творчая работа. Складанне цэнтона
Падвядзенне вынікаў творчай дзейнасці вучняў
Балада А.Куляшова ў музыцы.
Настаўнік. Наш урок заканчваецца. Калі мы не ўсё здолелі адчуць і зразумець, хай нам у гэтым дапаможа песня на словы А.Куляшова, музыку да якой напісаў выдатны кампазітар І.Лучанок, а выконвае яе ансамбль “Песняры”.
Рэфлексія.
Адным з вобразаў-сімвалаў балады з’яўляецца камень. У аўтара ён агідны, шчарбаты, чужы. Аднак камяні чалавеку ў жыцці бываюць вельмі патрэбныя.
Раскажу вам невялікую прытчу.
Нясуць тры чалавекі за плячыма ў мяхах каменне.
Чым вы займаецеся? – спыталі ў іх.
Цягну гэтыя праклятыя камяні, - злосна адказаў першы.
Зарабляю сабе на хлеб, - стомлена прамовіў другі.
А я будую храм, - радасна паведаміў трэці.
Пачуцці якога з гэтых трох чалавек адпавядаюць вашаму стану пасля сённяшнягя ўрока? Чым для вас быў урока? Працай, якая пакінула толькі стому? Вы працавалі толькі дзеля адзнакі і пахвалы? А можа, вы будавалі храм? Зрабіце кожны свой выбар. (Вучні змяшчаюць фішкі на малюнку з грудамі камянёў, грашыма і храмам.)
Выстаўленне адзнак, іх каментар.
Дыферанцыраваннае рознаўзроўневае дамашняе заданне.
Падрыхтаваць выразнае чытанне балады (па жаданню – праілюстраваць) яе.
Даць вусны разгорнуты адказ пра тэму, ідэю і мастацкія асаблівасці твора.
“Я памятаю вайну такой…" (інтэрв’ю з жанчынай – сведкай ваенных падзей).
У вершаванай форме запісаць думкі і пачуцці сына, які вярнуўся з вайны, пачынаючы словамі:
Вярнуўся я, мама, жывы і здаровы да хаты,
З табой не сустрэўся. Ляжыць толькі камень пракляты…